Касцёл у Германіі: падатковыя паступленні дыяцэзій выраслі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Паводле статыстычных даных Канферэнцыі Біскупаў Германіі, за 2025 год 27 каталіцкіх архідыяцэзій і дыяцэзій краіны атрымалі 6,75 мільярда еўра. Гэтая сума перавышае паказчык 2024 года, які складаў крыху менш за 6,63 мільярда еўра. Рост паступленняў склаў амаль 123 мільёна еўра, або каля 2 працэнтаў. Аднак рэкордным па-ранейшаму застаецца 2022 год, калі зборы перавысілі 6,84 мільярда еўра.
Нягледзячы на лічбавы рост, структуры мясцовага Касцёла сутыкнуліся са зніжэннем рэальных фінансавых магчымасцей. Прычынай гэтаму стала інфляцыя, якая ў 2025 годзе склала 2,2 працэнта, а таксама павелічэнне выдаткаў на персанал. З улікам гэтых фактараў рэальныя даходы крыху скараціліся.
Эксперты неаднаразова падкрэслівалі, што ў сярэднетэрміновай і доўгатэрміновай перспектыве падатковыя паступленні для рэлігійных супольнасцей у Германіі будуць змяншацца. Гэта звязана з хуткім скарачэннем колькасці вернікаў, якія плацяць зборы, у выніку выхаду з супольнасці Касцёла, смерці і выхаду на пенсію пакалення дэмаграфічнага выбуху.
Фінансавая дынаміка абумоўлена тым, што так званы “касцельны падатак” у Германіі наўпрост звязаны з дзяржаўным падаткам на даходы і заробкі грамадзян. Вернікі ў Баварыі і Бадэн-Вюртэмбергу плацяць у касу свайго Касцёла 8 працэнтаў ад сумы свайго падаткаабкладання, а ў іншых нямецкіх землях – 9 працэнтаў. Паколькі ў краіне доўгатэрмінова зберагаецца рост заробкаў, прыбыткаў і даходаў ад капіталу, суразмерна павялічваюцца і падатковыя паступленні для рэлігійных супольнасцей. Гэтыя сродкі спаганяюцца дзяржаўнымі падатковымі органамі, якія пакідаюць сабе каля 3 працэнтаў за адміністрацыйнае абслугоўванне.
Права збіраць такія ўнёскі са сваіх членаў гарантавана Каталіцаму Касцёлу, але не толькі яму, Канстытуцыяй Германіі. Згодна са статыстыкай 2025 года, 20 рэгіянальных Лютэранскіх Цэркваў атрымалі каля 6,09 мільярда еўра.
Грошы напрамую забяспечваюць дзейнасць дыяцэзій і парафій у сферы душпастырскай апекі, адукацыі і сацыяльнай дапамогі.