Піцабала: гаенне ран патрабуе часу, але будаваць мір трэба ўжо сёння
Марыя Валодзіна - Vatican News
8-9 ліпеня 2026 года Лацінскі Патрыярх Іерусаліма па запрашэнні Патрыярхата Венецыі наведаў горад на лагуне і суседні прыморскі Езала. У Венецыі кардынал Піцабала пабываў у базіліцы святога Марка, дзе памаліўся ля рэліквіі евангеліста. У Патрыяршым палацы яго віталі прадстаўнікі мясцовых уладаў, якія заявілі пра жаданне ўзмацніць падтрымку Святой Зямлі і мясцовай хрысціянскай супольнасці не толькі матэрыяльна, але і праз сяброўства, слуханне і ўзаемаразуменне. Кардынал Піцабала, у сваю чаргу, нагадаў пра гістарычную і культурную сувязь Венецыі і Іерусаліма. На яго думку, з гэтага сусветнавядомага горада заклік да міру ў Святой Зямлі можа прагучаць яшчэ мацней.
Кардынал Піцабала адзначыў, што для прымірэння ў Святой Зямлі спатрэбіцца шмат часу, аднак Касцёл не мае намеру мірыцца з вайной і разбурэннем. Ужо цяпер неабходна закладваць падмурак будучага аднаўлення, падтрымліваючы тых, хто шукае міру, згоды і ўзаемнага падзелу адказнасці. Патрыярх падкрэсліў, што сапраўдны мір патрабуе гатоўнасці рызыкаваць, уключацца ў справу прымірэння і не дапусціць, каб апошнім словам сталі нянавісць, крыўда і помста.
Кажучы пра сітуацыю ў Сектары Газа, ён зазначыў, што, нягледзячы на спыненне агню, становішча там застаецца надзвычай цяжкім. У Газе застаўся 541 хрысціянін. Яны страцілі практычна ўсё. Найбольш вострай праблемай ён назваў адсутнасць інфраструктуры: людзі жывуць у намётах, без каналізацыі, у антысанітарных умовах. Дзеці маюць патрэбу ў псіхалагічнай дапамозе з-за перажытых траўм. Усё больш востра паўстае пытанне пра будучыню гэтых людзей.
Лацінскі патрыярхат распачаў аднаўленне школы ў Газе. У яе ўжо запісалася 500 вучняў, у планах – павялічыць колькасць дзяцей удвая. Іерарх падкрэсліў, што адукацыя павінна быць прыярытэтам, а школа павінна стаць не толькі месцам навучання, але і прасторай для харчавання і аднаўлення мясцовай супольнасці. Патрыярхат Венецыі абвясціў, што падтрымае будаўніцтва школы ў Газе праз парафіяльныя зборы і дабрачынныя ахвяраванні біскупа.
8 ліпеня кардынал Піцабала наведаў Езала, дзе ў касцёле Святой Марыі Успамогі Хрысціянаў цэлебраваў святую Імшу для шматлікіх вернікаў. Увечары ён узяў удзел у адкрытай сустрэчы, арганізаванай муніцыпалітэтам горада, на якой прысутнічалі больш за 600 чалавек. Патрыярх падкрэсліў, што вайна не скончылася і што хрысціяне пакліканыя не маўчаць перад абліччам трагедыі, а заклікаць да прабачэння, прымірэння і неабходнасці слухаць адзін аднаго. Ён адзначыў, што дэгуманізацыя рызыкуе прывесці да спусташэння, а для гаення ран патрэбны доўгі час і стварэнне “асяродкаў жыцця”, якія дапамогуць людзям зноў жыць разам.
9 ліпеня іерусалімскі Патрыярх завяршыў візіт у Венецыю святой Імшой у базіліцы Маці Божай Добрага Здароўя. У гаміліі ён заклікаў вернікаў культываваць імкненне да міру, якое паходзіць ад Хрыста, і не паддавацца нянавісці, крыўдзе і духу помсты. Ён падкрэсліў, што хрысціяне павінны дзейнічаць дзеля дабра і сустрэчы з іншым чалавекам, не чакаючы гарантаванага выніку. На заканчэнне іерарх нагадаў евангельскія словы “Шчаслівыя лагодныя, бо яны атрымаюць у спадчыну зямлю”, адзначыўшы, што менавіта лагодныя людзі сёння будуюць будучыню заўтрашняга дня.