Форум у Рыміні: візіт Папы – крыніца вялікай радасці
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Форум адбудзецца з 21 па 26 жніўня ў італьянскім горадзе Рыміні. Яго галоўнай падзеяй стане візіт Папы, які адбудзецца 22 жніўня. Пантыфік сустрэнецца з удзельнікамі мерапрыемства і звернецца да іх з прамовай.
Старшыня Фонду Сустрэчы сяброўства паміж народамі Бернхард Шольц адзначыў важнае значэнне прысутнасці Святога Айца на форуме, падкрэсліўшы, што навіна пра яго візіт стала крыніцай вялікай радасці для ўсіх удзельнікаў.
Штогадовая сустрэча ў Рыміні праводзіцца па ініцыятыве руху “Comunione e Liberazione” (Камунія і Вызваленне). Сёлета яе дэвізам будзе радок з “Боскай камедыі” Дантэ Аліг’еры: “Любоў, што рухае сонца і іншыя зоркі”.
Бернхард Шольц расказаў, што падчас форуму будуць закранацца некаторыя тэмы, якія Леў XIV падкрэсліваў у сваёй энцыкліцы “Magnifica humanitas”: веліч чалавека і яго годнасць; пошук сэнсу жыцця і імкненне чалавека да бясконцасці; сэнс працы і навуковых даследаванняў; неабходнасць развіцця камунікацыі, якая не проста перадае інфармацыю, а дапамагае людзям будаваць сапраўдныя адносіны.
Падчас Сустрэчы ў Рыміні будуць абмяркоўвацца таксама міжнародныя канфлікты, мір, эканамічныя цяжкасці, беднасць, роля рэлігій у дыялогу паміж народамі і выклікі сучаснай палітыкі. Асобныя дыскусіі будуць прысвечаны навуцы, культуры і спорту.
Форум адкрыецца сведчаннямі дзвюх жанчын, якія перажылі трагедыі, звязаныя з тэрарызмам, але выбралі шлях дыялогу і прымірэння: гаворка ідзе пра сястру французскага святара ксяндза Жака Амеля, забітага ў 2016 годзе, і маці аднаго з нападнікаў.
Сярод удзельнікаў мерапрыемства будуць старшыня Еўрапейскага парламента Раберта Мецола, прадстаўнікі італьянскага ўрада, эканамісты, навукоўцы, грамадскія дзеячы, мастакі і спартсмены. У сустрэчы таксама прымуць удзел старшыня італьянскага епіскапату кардынал Матэа Дзупі, Лацінскі Патрыярх Іерусаліма кардынал П’ербатыста Піцабала і кусташ Святой Зямлі айцец Франчэска Ельпа.
47-я Сустрэча сяброўства паміж народамі ўражвае сваімі маштабамі: запланавана больш за 150 канферэнцый з удзелам каля 500 дакладчыкаў, 13 выстаў і столькі ж культурных прадстаўленняў. Пляцоўка на выставачным комплексе ў Рыміні, дзе будзе праходзіць форум, зойме больш за 140 тысяч квадратных метраў, што на 16% больш у параўнанні з мінулым годам. Важную ролю адыграюць больш за 3 тысячы валанцёраў, большасць з якіх – моладзь.