Пошук

2023.05.27   tydzien belarus

Тыдзень у Беларусі – важнае

Урачыстасці ў Тракелях, развітанне з польскімі святарамі, прэзентацыя спеўніка – агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

У Тракелях праходзяць урачыстасці Гродзенскай дыяцэзіі. 10-11 ліпеня 2026 года ў санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў адбываюцца адпустовыя ўрачыстасці. Сёлета яны маюць характар падзякі за 35-гадовае існаванне Гродзенскай дыяцэзіі. Першай падзеяй свята стала прывітанне пешых пілігрымак, якія прыбылі ў Тракелі ўвечары ў пятніцу. Наступныя цэнтральныя падзеі ў праграме – Імша апоўначы і працэсія з абразом Маці Божай, Імша з удзелам святароў-юбіляраў і неапрэзбітэраў, святкаванне юбілею сем’яў, Акт даручэння Касцёла на Гродзеншчыне Маці Міласэрнасці падчас урачыстай Імшы.

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі і віцэ-прэм'ер Беларусі сустрэліся ў Будславе. 8 ліпеня 2026 года намесніца прэм'ер-міністра Наталля Пяткевіч наведала Нацыянальны санктуарый. Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі падзякаваў за фінансавую дапамогу ў памеры 260 тысяч рублёў, што была выдзелена дзяржавай на аднаўленне святыні. Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак распавёў пра агульны ход прац з праектнай дакументацыяй. Па выніках было вырашана арганізаваць працоўную сустрэчу двухбаковай камісіі па справах рэстаўрацыі святыні.

Два польскіх святара пакінулі Беларусь пасля многіх гадоў служэння. У Свіры 5 ліпеня 2026 года развіталіся з пробашчам – ксяндзом Багуславам Маджэеўскім, дэканам Мядзельскім. Гэта польскі святар, які 30 гадоў служыў у Беларусі. Яму ўрачыста падзякавалі за служэнне вернікі і духавенства, у тым ліку тры іерархі: Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч і Генеральны вікарый архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. Паведамляецца, што ксёндз Багуслаў далей будзе несці служэнне ў Варшаўска-пражскай дыяцэзіі. Раней у Налібоках падзякавалі мясцоваму пробашчу, дэкану Стаўбцоўскаму ксяндзу Мар’яну Шэршаню за 36 гадоў служэння ў Беларусі. Са святаром, які аднаўляў касцёлы і парафіі, развіталіся ў сувязі з неўзгадненнем адпаведнымі дзяржаўнымі ўладамі права на рэлігійную дзейнасць, паведаміла архідыяцэзія.

У Нацыянальным санктуарыі прэзентавалі першы агульнабеларускі афіцыйны каталіцкі спеўнік. 4 ліпеня 2026 года падчас урачыстасцяў у Будславе адбылася прэзентацыя выдання "Божа, мы Цябе ўслаўляем". З прамовай выступіў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі, які адзначыў, што прэзентацыя спеўніка – не проста доўгачаканая культурная падзея, але найперш бачны знак жыццяздольнасці Касцёла. Паводле іерарха, кніга з’яўляецца "не проста важным этапам у развіцці літургічнай музыкі, але сапраўдным люстэркам жывой веры і духоўнай сталасці народа".

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholic.by, catholicminsk.by і ўласнай інфармацыі.
 

11 ліпеня 2026, 08:17