Пошук

2023.05.27   tydzien belarus

Тыдзень у Беларусі – важнае

Фэст у Будславе, прэзентацыя манеты, смерць святара – агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

З удзелам прадстаўніка Святога Айца адбыўся фэст у Будславе. Сёлета сюды прыбыла рэкордная для апошніх гадоў колькасць пілігрымаў – 2680 чалавек пешшу і на роварах у складзе арганізаваных паломніцтваў. Фэст прайшоў 3-4 ліпеня 2026 года пад дэвізам "Богу хвала – Марыі давер – Касцёлу вернасць". У 35-ю гадавіну аднаўлення структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі падчас Імшы, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, пры ўдзеле беларускіх іерархаў і Апостальскага нунцыя арцыбіскупа Іньяцыа Чэфаліа, адбылося прысвячэнне Касцёла ў Беларусі Найдаражэйшай Крыві Хрыста.

З удзелам прадстаўнікоў дыпкорпусу і дзяржуладаў у Мінску адбылася Імша ва ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла. 29 чэрвеня 2026 года ў архікатэдральным касцёле цэлебрацыю ўзначаліў Апостальскі нунцый арцыбіскуп Іньяцыа Чэфаліа. Прадстаўнік Папы заахвоціў маліцца за Касцёл, які пілігрымуе ў Беларусі, за яго пастыраў і ўсіх вернікаў, каб ён заўсёды быў знакам суцяшэння і сапраўднага сведчання любові Уваскрослага. Са словамі прывітання звярнуўся намеснік Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Сяргей Герасіменя. Ён павіншаваў прысутных з урачыстасцю і першай гадавінай пантыфікату Льва ХІV.

Адышоў у вечнасць ксёндз Андрэй Зайко. 2 ліпеня 2026 года ва ўзросце 49 гадоў раптоўна сышоў з жыцця суддзя касцельнага суда Гродзенскай дыяцэзіі і рэзідэнт парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне ксёндз Андрэй Зайко. Пахаванне адбудзецца 6 ліпеня на парафіяльных могілках у Ваўкавыску, адкуль святар родам.

У Навагрудку з удзелам Апостальскага нунцыя прайшла ўрачыстая прэзентацыя манеты Нацбанка. 2 ліпеня 2026 года на тэрыторыі касцёла cвятога Міхала Арханёла адбылася ўрачыстая цырымонія прэзентацыі памятнай манеты, выпушчанай Нацыянальным банкам Беларусі ў гонар 400 годдзя гэтай святыні. Падзея сабрала духавенства на чале з арцыбіскупам Іньяцыа Чэфаліа, прадстаўнікоў дзяржаўнай улады, Нацбанка, скульптараў. Урачыстасць распачалася са святой Імшы, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. Апостальскі нунцый назваў выпуск манеты жэстам, які паважае не толькі гістарычны будынак, але і духоўную і культурную памяць усяго народа.

У Клюшчанах ушанавалі памяць ксяндза Канстанціна Стаповіча – паэта Казіміра Сваяка. 28 чэрвеня 2026 года ў мясцовай парафіі адбыліся Імша і літаратурная імпрэза, прысвечаная 100-годдзю з часу смерці святара – паэта, драматурга, філосафа, вядомага пад псеўданімам Казімір Сваяк. Эўхарыстыю цэлебраваў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. На літургіі маліліся за парафіян і святароў, якія працавалі ў Клюшчанах, узгадвалі ксяндза Канстанціна.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicminsk.by і ўласнай інфармацыі.
 

04 ліпеня 2026, 11:50