“Сябры Льва”: у Перу набіраюць валанцёраў для сустрэч з Папам
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
130-е звычайнае пленарнае пасяджэнне епіскапату Перу завяршылася стварэннем ініцыятывы "Сябры Льва" ("Los Amigos de León"). Да валанцёрскага служэння запрашаюць моладзь і свецкіх з усёй краіны. Яны будуць прымаць пілігрымаў і суправаджаць іх падчас візіту Папы ў Перу 11-17 лістапада 2026 года.
Прэзентацыя праекта адбылася пасля заканчэння пленарнага пасяджэння пры ўдзеле прадстаўнікоў Касцёла і ўстаноў, далучаных да падрыхтоўкі папскага візіту. Біскупы выказалі радасць з нагоды хуткага прыбыцця Льва XIV і нагадалі пра яго сувязь з Перу і гады служэння ў Чыклаё. Удзельнікаў ініцыятывы ва ўзросце ад 18 да 45 гадоў заклікаюць выкарыстаць свае здольнасці і таленты для служэння падчас гэтай падзеі.
Валанцёры будуць дапамагаць у прыёме і суправаджэнні пілігрымаў, камунікацыі, лагістыцы, падтрыманні парадку і бяспекі, аказанні першай дапамогі і перакладзе. Ініцыятыва праходзіць пад дэвізам "Служыць, берагчы і суправаджаць".
"Сябры Льва" пройдуць духоўную, душпастырскую і арганізацыйную падрыхтоўку, а таксама будуць абавязаныя выконваць кодэкс паводзін і правілы стварэння бяспечнай прасторы.
Падчас прэзентацыі таксама паказалі афіцыйны сайт візіту і адкрылі рэгістрацыю валанцёраў. Акрамя таго, прадстаўлена афіцыйная малітва ў інтэнцыі візіту Льва XIV, якую перакладуць на мовы кечуа, аймара і аважун, а таксама гімн "León, Hermano del Camino". Ён быў выбраны ў конкурсе, арганізаваным сумесна Канферэнцыяй Біскупаў Перу і архідыяцэзіяй Лімы.