Пошук

Арцыбіскуп Філіп Бало і катэдральны сабор Меца Арцыбіскуп Філіп Бало і катэдральны сабор Меца 

Візіт Папы ў Мец: памежны горад як сімвал сяброўства народаў

Леў XIV уключыў Мец у маршрут свайго чатырохдзённага апостальскага падарожжа ў Францыю. 28 верасня 2026 года ён наведае гэты невялікі горад на ўсходзе краіны, непадалёк ад мяжы з Германіяй. Пра падрыхтоўку да яго прыезду распавёў арцыбіскуп Філіп Бало.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Апостальскае падарожжа ў Францыю запланаванае на 25-28 верасня 2026 года. Леў XIV наведае Парыж, Лурд і Мец. Сваімі думкамі напярэдадні візіту Папы падзяліўся ў інтэрв'ю Жан-Шарлю Пуцалу з французскай рэдакцыі "Vatican News" арцыбіскуп Меца Філіп Бало.

Іерарх назваў будучы візіт крыніцай вялікай радасці і гонару для жыхароў Меца і Мозеля. Гэты рэгіён, які перажыў тры вайны і дзве анексіі, сёння стаў зямлёй сустрэчы і братэрства. Былыя ворагі сталі сябрамі. Яны супрацоўнічаюць, а не супрацьстаяць адно аднаму. Сённяшняя франка-нямецкая мяжа ўжо не з’яўляецца месцам падзелу, але стала месцам сустрэчы. Сувязі з Германіяй вельмі моцныя. Таму прысутнасць Льва XIV, які з пачатку пантыфікату заклікае да “бязбройнага і абяззбройваючага” міру, натхніць людзей на далейшае будаўніцтва міру, якім у гэтым рэгіёне займаюцца з канца Другой сусветнай вайны.

Арцыбіскуп Бало падкрэсліў неабходнасць быць уважлівымі да іншых, размаўляць і імкнуцца зразумець іх. Ён нагадаў словы Льва XIV “Супакой вам!”, сказаныя ў дзень абрання, і адзначыў, што гэты супакой паходзіць ад Уваскрослага Хрыста, які перамог смерць. Гэта Божы супакой, якім мы пакліканы жыць.

На думку арцыбіскупа Меца, дэвіз апостальскага падарожжа – “Каб свет меў жыццё” – асабліва важны ў кантэксце нядаўняга прыняцця ў Францыі заканадаўства аб дапамозе ў паміранні. Папа здольны даць людзям зразумець, што калі гаворка ідзе пра жыццё, усё ўзаемазвязана. Абарона жыцця непарыўна звязана з павагай да годнасці чалавека. Пазбавіць яго жыцця – значыць пазбавіць годнасці, на якім бы этапе жыцця ён ні быў: на пачатку, у канцы ці ў сярэдзіне, як, напрыклад, падчас небяспечнага перасячэння Міжземнага мора мігрантамі.

Што да падрыхтоўкі да прыезду Папы ў Мец, то, па словах арцыбіскупа Бало, яна суправаджаецца шырокай мабілізацыяй мясцовай супольнасці. Для арганізацыі візіту патрабавалася каля 1000 валанцёраў, аднак іх колькасць ужо перавысіла гэтую лічбу. Да ўдзелу далучаюцца людзі розных рэлігійных перакананняў. Прадстаўнікі іншых канфесій таксама вітаюць прыезд Папы.

Застаюцца некаторыя пытанні бяспекі і арганізацыі, якія трэба вырашыць. Мец – невялікі горад, у якім жыве каля 140 тысяч чалавек, разам з агламерацыяй – каля 250 тысяч. У ім няма вялікіх адкрытых прастор, таму арганізатары імкнуцца стварыць умовы, каб жыхары маглі прыйсці і прывітаць Папу ўздоўж яго маршруту.

Арцыбіскуп Бало распавёў пра прыкметнае ажыўленне веры ў яго дыяцэзіі. Чатыры гады таму там налічвалася каля 60 катэхуменаў, праз год іх было ўжо 80, а ў мінулым годзе – 200. Многія маладыя людзі ва ўзросце да 25-30 гадоў кажуць, што не могуць самастойна адказаць на глыбокія пытанні, такія як змена клімату і штучны інтэлект. Яны прагнуць суправаджэння. Трэба паважаць іх пошук і “ісці разам з імі”, як раіў Папа Францішак. Гэтая моладзь вельмі ўважліва ставіцца да таго, што ёй кажуць прадстаўнікі Касцёла, адначасова яна вельмі адчывальная да таго, ці паважаюць яе ўласны шлях.

Іерарх лічыць, што задача пастыраў – не кантраляваць новых вернікаў і не падганяць іх пад гатовыя схемы, а падтрымліваць і дазволіць ім знайсці ўласны шлях веры. На яго думку, неабходны пастырскі падыход, заснаваны на прысутнасці і адносінах: калі мы знаходзімся побач з чалавекам, будуем з ім адносіны, узнікае сустрэча, якая адкрывае шлях да дыялогу.

25 жніўня 2026, 11:39