Біскупы Аргенціны абвясцілі грашовы збор перад візітам Льва XIV
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Аргенціна стане адной з 3 краін, якія Леў XIV наведае падчас лістападаўскай паездкі ў Паўднёвую Амерыку. Пасля 39 гадоў краіна зноў прыме Наступніка Пятра. Да гэтага Аргенціну наведваў толькі святы Ян Павел II – у 1982 і 1987 гадах, тады як Папа Францішак пасля абрання не вярнуўся на Радзіму.
Падрыхтоўка да візіту будзе абапірацца ў першую чаргу на ахвяраваннях мясцовага Касцёла. Таму Канферэнцыя Біскупаў Аргенціны абвясціла агульнанацыянальны збор, які пройдзе 22 і 23 жніўня 2026 года ва ўсіх касцёлах краіны. Дзяржава возьме на сябе выдаткі, звязаныя з бяспекай, а іншыя патрэбы будуць фінансавацца дзякуючы ахвяраванням.
У сваім звароце епіскапат назваў прыезд Льва XIV “дарам для Касцёла і для ўсяго народа”. “Папа прыедзе як пастыр і знак адзінства, каб умацаваць веру, дзяліцца сваім словам і ўмацаваць евангелізацыйную місію Касцёла”, - адзначылі біскупы. Яны таксама заклікалі вернікаў рыхтавацца да сустрэчы з Папам і ахвяраваць “тое, што ў нас найлепшае”, прымаючы яго як блізкага чалавека ў сваім доме.
Арганізацыя візіту запатрабуе супольных намаганняў касцельнай супольнасці ў пытаннях інфраструктуры, паслуг, месцаў цэлебрацый, камунікацыі і транспарту. Біскупы заклікалі святароў, дыяканаў, манахаў і душпастырскія рады заахвочваць вернікаў да ўдзелу ў грашовым зборы.
Леў XIV будзе ў Аргенціне з 8 да 11 лістапада 2026 года: праграма прадугледжвае наведванне Буэнас-Айрэса, Кордавы і Лухана, а да падрыхтоўкі візіту далучыліся таксама людзі, якія раней арганізоўвалі паездкі ў краіну Яна Паўла II.