Душпастыр з Газы: катастрофа зусім не скончана
Ян Глінскі
Па словах пробашча парафіі Святой Сям’і, рэчаіснасць у Газе трагічная: горад практычна знішчаны, бомбы працягваюць падаць, а больш за два мільёны людзей жывуць у жахлівых умовах.
“Катастрофа зусім не скончана. Тут адбываецца штодзённая барацьба, – сказаў айцец Раманэлі. – Рэальнасць у гэтай частцы Святой Зямлі, у сектары Газа, жахлівая. Нельга нават сказаць, што гэта посткатастрафічная сітуацыя, бо катастрофа працягваецца, проста яна знікла з сусветных СМІ”.
Як адзначыў законнік, сектар Газа “выглядае, як пасля цунамі”, ён спустошаны: “жыхары патрабуюць абсалютна ўсяго”, яны жывуць у намётах або на вуліцы, у антысанітарных умовах, без доступу да вады і энергіі, “але ніхто не прыходзіць з дапамогай”.
“Мы забяспечваем пітной вадой больш за 400 сем’яў”, – сказаў місіянер, патлумачыўшы, што парафіяльны касцёл стаіць над крыніцай і цыстэрнай. Такім чынам ёсць магчымасць перапампоўваць ваду з дапамогай генератара. Аднак складанасцю з’яўляецца тое, што літр дызельнага паліва каштуе 10 еўра.
Айцец Раманэлі назваў цалкам натуральным рашэнне мясцовых святароў, місіянераў і манахінь застацца тут, нягледзячы на вайну. “Пастыр павінен заставацца са сваім статкам, – падкрэсліў ён. – Мы не маглі пакінуць непаўнаспраўных, дзяцей і сем’і, і многіх іншых, хто надалей разлічвае на нас. Мы стрымліваем слёзы, бо гэта абавязак тых, хто любіць. Такое жыццё ў гэтай даліне слёз”.
Нягледзячы на трагічную сітуацыю ў сектары Газа, мясцовы пробашч выказаў перакананне, што мір магчымы і “справядлівы мір неабходны”. “Таму адзін са спосабаў дапамогі палесцінскаму і ізраільскаму народам – гэта сеяць мір, казаць аб справядлівасці і пераконваць свет, што прыйшоў час пакласці канец гэтай вайне. Жахліва бачыць нявінных ахвяр па абодвух баках. І ўсё гэта на Святой Зямлі, дзе жыў Уцелаўлёны Бог”.