Пошук

Тыдзень у Беларусі Тыдзень у Беларусі 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Юбілеі касцёлаў, развітанне са святаром, новая праграма фармацыі – агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

У Беларусі стартуе праграма фармацыі для духавенства, кансэкраваных асоб і свецкіх. Яна разлічаная на святароў, законных братоў, прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх супольнасцяў, а таксама катэхетаў, кіраўнікоў парафіяльных структур і свецкіх, якія супрацоўнічаюць у душпастырскай дзейнасці. Рэгістрацыя ўжо адкрыта, а сама праграма распачнецца ў кастрычніку і будзе працягвацца паўгода. Мэта праграмы – паглыбленне ведаў і развіццё практычных кампетэнцый, неабходных для служэння ў Касцёле ва ўмовах сучасных грамадскіх, культурных і тэхналагічных зменаў.

У Ружанах развітваюцца з пробашчам пасля 32 гадоў яго служэння. У парафіі Найсвяцейшай Тройцы 29 жніўня 2026 года запланавана святая Імша з удзелам святароў Пружанскага і Кобрынскага дэканатаў і біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі. Напярэдадні ён звярнуўся з паведамленнем да вернікаў і са смуткам паведаміў, што Пінская дыяцэзія не атрымала ад дзяржаўных уладаў узгаднення на далейшае служэнне пробашча ў Ружанах. Гэта грамадзянін Польшчы, ксёндз Януш Пуліт, які 32 гады быў душпастырам парафій у Ружанах і Лыскаве. Біскуп падкрэсліў, што ў сувязі з малалікасцю мясцовых святароў і скарачэннем колькасці польскіх ксяндзоў Пінскай дыяцэзіі вельмі складана забяспечыць усе супольнасці рэгулярнай душпастырскай апекай.

Смалявічы адсвяткавалі 30-годдзе парафіі і пасвячэнне касцёла. 22 жніўня 2026 года парафія святога Валянціна перажыла гістарычны момант, з якім вернікаў віншаваў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Ён узначаліў цэлебрацыю святой Імшы, падчас якой пасвяціў касцёл. Пробашч парафіі айцец Андрэй Букштан выказаў словы ўдзячнасці ўсім, хто дапамагаў у падрыхтоўцы свята, і асабліва падзякаваў аўстрыйскай дыяцэзіі Лінц, дзякуючы дапамозе якой летась касцёл быў адрамантаваны.

У Жупранах адзначаюць 150-годдзе касцёла. 29 жніўня парафія святых Пятра і Паўла ладзіць свята сумесна з Ашмянскім райвыканкамам. Пасля святой Імшы з удзелам біскупа Гродзенскага Уладзіміра Гуляя, пасвячэння касцёла і алтара, Эўхарыстынай працэсіі, запланаваныя тэматычныя мерапрыемствы, пачастунак, канцэрт. Араторый касцёла, якім апякуюцца салезіяне святога Яна Боско, сабраў дзяцей – для іх прадугледжаны гульні і забавы.

У Мінскі тэалагічны каледж прынятыя новыя студэнты. Па выніках уступнага экзамену, які адбыўся 22 жніўня 2026 года, на І курс навучання ў каледжы залічаны 21 студэнт. У тым ліку – трое вернікаў з парафіі святога Казіміра ў Лепелі. Для невялікай каталіцкай супольнасці правінцыяльнага горада гэта натхняльная падзея. Кожны з першакурснікаў бачыць уласны ўнікальны шлях служэння Касцёлу і людзям.

У Баранавічах адбыліся рэкалекцыі для кансультантаў па справах сямейнага жыцця. З 21 па 25 жніўня 2026 года спецыялісты з розных дыяцэзій Беларусі правялі ў разважаннях, супольнай малітве і дыялогах з духоўнымі кіраўнікамі. Сустрэчу арганізавала Рада па справах сям’і пры Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі. Удзельнікамі сталі 38 чалавек з Гродна, Ліды, Мастоў і Мінска, а духоўнымі кіраўнікамі рэкалекцый – ксёндз Андрэй Рылка і сястра Барбара Сайнок. Сустрэча на тэму "У пошуку ўласнай ідэнтычнасці на прыкладзе шляху Майсея" дала магчымасць удзельнікам паразважаць над тым, як прыклад біблійнага правадыра можна перанесці ў штодзённыя сямейныя і грамадскія адносіны.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholicminsk.by, pinskdiocese.by і ўласнай інфармацыі.

29 жніўня 2026, 08:21