Пошук

Папа падчас аўдыенцыі для арцыбіскупа Валенсіі Папа падчас аўдыенцыі для арцыбіскупа Валенсіі 

Пантыфік: святар – гэта, у першую чаргу, чалавек малітвы

Францішак параіў святарам рабіць трывалым свой саюз з Богам па прыкладзе св. Вінцэнта Ферэры – праз малітву, вернасць пакліканню і свабоду ў Езусе Хрысце.

Пра гэта Папа казаў падчас аўдыенцыі для арцыбіскупа Валенсіі кардынала Антоніа Канізарэса Лавэра, супрацоўнікаў дыяцэзіяльнай курыі Валенсіі і групы маладых святароў, членаў супольнасці “Convictorio Sacerdotal”, якая аказвае духоўнае суправаджэнне новапрэзбітэрам у першыя гады іх служэння. Сустрэча адбылася 21 верасня 2018 г. у Ватыкане.

Валенсія, зямля святых, неўзабаве будзе ўзгадваць шасцісотую гадавіну з дня смерці аднаго з іх – св. Вінцэнта Ферэра, які прысвяціў сваё жыццё працы па дасягненні адзінства ў касцёльнай супольнасці, нагадаў Францішак. Гэты святы прапанаваў святарам тры асноўныя спосабы захавання сяброўства і саюзу з Езусам Хрыстом: малітву, паслухмянасць пакліканню абвяшчаць Евангелле ўсім людзям і, нарэшце, свабоду ў Хрысце, каб быць здольным у любых абставінах “піць келіх” Збавіцеля.

Святы Айцец пераканаўча сцвердзіў, што “святар – гэта, у першую чаргу, чалавек малітвы, той хто звяртаецца да Бога тварам у твар, схіляецца да Яго ног і просіць аб заступніцтве для сябе і свайго народа”. “Святар без малітвы не ідзе далёка; ён ужо пераможаны, яго служэнне пакутуе, плыве па цячэнні. Вернікі вельмі добра адчуваюць, ці моліцца іх пастыр, ці застаецца ў кантакце з Богам. Малітва – першая задача біскупа і святара. З сяброўскіх стасункаў з Богам яны чэрпаюць моц і святло, неабходныя для выканання любога апостальства і місіі, бо пакліканыя Богам атаясамліваюцца з пачуццямі Езуса Хрыста і таму іх словы і ўчынкі струменяць чысты водар Божай любові”, - сказаў Папа.

Затым ён нагадаў пра вялікую адказнасць, якой патрабуе місія абвяшчэння Евангелля, бо яна прадугледжвае падрыхтоўку і пастаяннае абнаўленне таго, што аднойчы было вывучана і ўспрынята. Мы не з’яўляемся ўласнікамі Добрай Весткі і не можам пакідаць яе ў багажы ўласных успамінаў, перасцярог Святы Айцец. Наадварот, задача святара – распаўсюджваць вучэнне Хрыста, зноў і зноў перажываць аднойчы адчутае пакліканне Пана Бога, якое паланіла і прымусіла пакінуць усё дзеля Яго, звярнуўся Францішак да сваіх гасцей.

Нарэшце, Пантыфік заклікаў іспанскіх святароў да сапраўднай еднасці з Богам, бо толькі чэрпаючы моц з гэтага саюзу, можна адчуць сябе свабоднымі ў Хрысце і адважнымі для руху насустрач людзям у патрэбе.

Францішак падзякаваў Архідыяцэзіі Валенсіі за працу па падтрымцы патрабуючых і людзей у нястачы, за дапамогу мігрантам.

Папа пажадаў іспанскім святарам працягваць несці Хрыста людзям, якія маюць у Ім патрэбу, і заставацца свабоднымі ад усяго свецкага, “бо яно заблытвае і аддаляе ад Бога і братоў, робіць нявольнікамі”. “Заўсёды вызнавайце беднага Хрыста, прызнавайце патрэбу ў Яго міласці, сведчыце перад усім светам аб Езусе, Які дзеля нас стаўся бедным і ўзбагаціў нас сваёй галечай”.

Навіна ў фармаце аўдыё
21 верасня 2018, 13:13