Пошук

Святы Айцец заклікае маліцца за пажылых людзей

Францішак заклікае маліцца за пажылых людзей, каб станавіліся настаўнікамі пяшчотнасці. Сваю малітоўную інтэнцыю на ліпень 2022 года ён абвясціў у відэароліку Сусветнай сеткі малітвы Папы.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Мы не можам казаць пра сям’ю, не кажучы пра важнасць пажылых людзей сярод нас. Яшчэ ніколі ў гісторыі чалавецтва нас не было так шмат, але мы не зусім разумеем, як пражыць гэты новы этап жыцця: ёсць шмат праектаў дапамогі пажылым, але мала праектаў для іх жыцця”, - зазначыў Пантыфік.

“Мы, пажылыя людзі, часта маем асаблівую адчувальнасць да клопату, рэфлексіі і пачуццяў. Мы з’яўляемся, або можам стаць, настаўнікамі пяшчотнасці – і яшчэ якімі! У гэтым свеце, прызвычаеным да вайны, нам патрэбна сапраўдная рэвалюцыя пяшчотнасці. У гэтым мы нясём вялікую адказнасць перад новымі пакаленнямі”, - падкрэсліў Папа.

Францішак заклікаў памятаць, што “бабулі, дзядулі і пажылыя людзі – гэта хлеб, які сілкуе наша жыццё, гэта схаваная мудрасць народа, таму мы павінны іх ушаноўваць”. Папа заўважыў, што менавіта для гэта устанавіў у Касцёле спецыяльны Дзень, прысвечаны ім.

“Будзем маліцца за пажылых людзей, каб яны станавіліся настаўнікамі пяшчотнасці, каб іх досвед і мудрасць дапамагалі больш маладым глядзець у будучыню з надзеяй і адказнасцю”, - абвясціў малітоўную інтэнцыю Святы Айцец.
 

30 чэрвеня 2022, 16:00