Пошук

Аўдыенцыя для супрацоўнікаў Цэнтральнага ўпраўлення па барацьбе са злачыннасцю Аўдыенцыя для супрацоўнікаў Цэнтральнага ўпраўлення па барацьбе са злачыннасцю 

Папа: аб’яднаць сілы ў барацьбе з гвалтам у адносінах да жанчын

Праблеме гвалту ў адносінах да жанчын прысвяціў сваю прамову Папа падчас сустрэчы з супрацоўнікамі Цэнтральнага ўпраўлення па барацьбе са злачыннасцю Дэпартамента грамадскай бяспекі Італіі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Я рады магчымасці сустрэцца з вамі на наступны дзень пасля Міжнароднага дня барацьбы за ліквідацыю гвалту ў адносінах да жанчын, які праводзіцца па ініцыятыве Арганізацыі Аб’яднаных Нацый”, - сказаў Папа падчас аўдыенцыі, якая 26 лістапада 2022 года прайшла ў Ватыкане. Ён заўважаў, што насілле ў адносінах да жанчын, на жаль, з’яўляецца пастаяннай і шырока распаўсюджанай з’явай, якая пранізвае ўсё грамадства.

Адзначаючы асаблівую ролю жанчын-паліцэйскіх у дапамозе ахвярам насілля, Папа падкрэсліў, што іх праца патрабуе не толькі адпаведнай псіхалагічнай падрыхтоўкі, але таксама і духоўнай, “бо толькі на глыбокім узроўні можна знайсці і захаваць ціхамірнасць і спакой, якія дазваляюць напаўняць даверам тым, хто стаў ахвярай брутальнага гвалту”.

“Гэта тая ўнутраная сіла, якую Езус Хрыстус паказаў нам падчас сваёй мукі і якую Ён перадаў многім хрысціянскім жанчынам, некаторых з якіх мы ўшаноўваем як мучаніц: ад Агаты і Люцыі да Марыі Гарэці і сястры Марыі Лаўры Майнэці”, - дадаў Францішак.

Святы Айцец пажадаў, каб сістэма правасуддзя ў выпадках гвалту супраць жанчын працавала хутчэй і эфектыўней, і каб жанчыны былі надзейна абаронены ад агрэсараў, у тым ліку ад выпадкаў паўторных нападаў, пасля таго як агрэсар адбудзе пакаранне.

Папа адзначыў важнасць аб’яднання намаганняў у барацьбе з усімі формамі гвалту ў адносінах да жанчын, падкрэсліваючы, што “спецыялізаванага органа, якім бы эфектыўным ён ні быў, недастаткова, каб выйграць гэтую бітву; праваахоўных органаў і неабходных рэпрэсіўных дзеянняў недастаткова”.

“Нам трэба аб’ядноўвацца, супрацоўнічаць, ствараць сетку: і не толькі абарончую сетку, але перш за ўсё прэвентыўную! Гэта заўсёды вельмі важна, калі намагаемся ліквідаваць сацыяльныя бедствы, якія звязаны з культурнымі поглядамі, менталітэтам і глыбока ўкаранёнымі забабонамі”, - падкрэсліў ён.

Святы Айцец заклікаў садзейнічаць прафілактыцы насілля ў адносінах да жанчын праз адукацыйную дзейнасць, не пакідаць самотнымі сем’і, якія перажываюць цяжкасці, звязаныя з эканамічным і сацыяльным крызісам, а таксама звярнуў увагу на негатыўную ролю, якую адыгрываюць сродкі масавай інфармацыі, калі “сілкуюць геданістычную і спажывецкую культуру, дзе мужчынскія і жаночыя мадэлі, падпарадкаваны крытэрыям поспеху, самасцвярджэння, канкурэнцыі, улады прывабліваць іншых і панаваць над імі”.

Папа адзначыў, што такія прыклады кантрастуюць “з адукацыйнымі дзеяннямі, якія ставяць у цэнтр чалавека з яго годнасцю”. Ён спаслаўся на гісторыю святой Жазэфіны Бакіты, якая зведала жорсткі гвалт у дзяцінстве і юнацтве, але здолела вызваліцца, прыняўшы Евангелле Божай любові, і стала сведкай Яго вызваляючай і аздараўляючай сілы.

“Але яна не адна: ёсць шмат жанчын, некаторыя з іх “святыя па суседстве”, якія былі вызвалены міласэрнасцю, пяшчотай Хрыста і сваім жыццём сведчаць, што мы не павінны скарацца, што любоў, блізкасць, салідарнасць сясцёр і братоў могуць выратаваць нас ад рабства. Вось таму я кажу: давайце прапаноўваць гэтыя сведчанні сучасным дзяўчатам і хлопцам. У школах, спартыўных групах, араторыях, асацыяцыях давайце паказваць сапраўдныя гісторыі вызвалення і аздараўлення, гісторыі жанчын, якія выйшлі з тунэля гвалту і могуць дапамагчы адкрыць вочы на падводныя камяні, пасткі, небяспекі, схаваныя за фальшывымі мадэлямі поспеху”, - заклікаў Пантыфік.
 

26 лістапада 2022, 10:51