Пошук

Аўдыенцыя для экуменічнай дэлегацыі Фінляндыі Аўдыенцыя для экуменічнай дэлегацыі Фінляндыі  (Vatican Media)

Пантыфік экуменічнай дэлегацыі: спрыяць прымірэнню ў свеце

Паяднацца паміж сабой і стаць будаўнікамі прымірэння для свету, - заклікаў Папа падчас штогадовай аўдыенцыі для экуменічнай дэлегацыі з Фінляндыі, якая прайшла 19 студзеня 2023 года з нагоды ўспаміну святога Генрыха Упсальскага, нябеснага заступніка гэтай краіны.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Францішак падзякаваў сваім гасцям за прывітальную прамову, у якой, між іншым, Балтыйскае мора было названа “крыніцай жыцця, якой пагражае дзейнасць чалавека”, і “месцам сустрэчы, на якое балюча ўплывае канфрантацыя, выкліканая лютай бессэнсоўнасцю вайны”. Ён заўважыў, што вада нагадвае хрысціянам таксама пра дар прымірэння, атрыманы з хростам. “Мы з’яўляемся прыміранымі дзецьмі і таму пакліканы ўсё больш і больш яднацца паміж сабой і быць дзеячамі прымірэння ў свеце”, - сказаў Пантыфік.

Папа спаслаўся на тэму сёлетняга Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціян: Рабіце дабро, шукайце справядлівасці (Іс 1, 17), адзначаючы, што хрост заклікае нас, “як апраўданых ласкай, бескарысліва здзяйсняць справы справядлівасці, практыкаваць канкрэтныя жэсты блізкасці да тых, хто стаў ахвярай несправядлівасці, непрыняцця, розных формаў прыгнёту і перш за ўсё вайны”. “Як сведкі веры ў Хрыста, які заглыбіўся ў крохкасць нашага чалавечага стану, мы абавязаны заглыбіцца ў раны патрабуючых. І рабіць гэта разам”, - сцвердзіў Святы Айцец.

Пантыфік заўважыў, што паміж хрысціянамі розных канфесій ёсць шмат агульнага і заклікаў памятаць пра важнасць “супольнай малітвы, стараннай працы і інтэнсіўнага дыялогу, каб пераадольваць падзелы і быць, паводле волі Пана, адно ў трынітарнай еднасці, каб паверыў свет”.

“Мы, вядома, усведамляем гэта, але аднаго ведання недастаткова. Неабходна сілкаваць сапраўдны запал, які вынікае з любові да адзінства, з жадання пераадолець антысведчанне гістарычных падзелаў паміж хрысціянамі, якія паранілі еднасць Цела Хрыста. Сёння патрэбна, перш за ўсё, гарачая евангелізацыйная руплівасць, бо, абвяшчаючы разам, мы нанава адкрываем сябе як братоў і сясцёр; і ўсведамляем, што не можам годна распаўсюджваць імя Езуса, які нарадзіўся, памёр і ўваскрос для ўсіх, не даючы сведчання прыгажосці адзінства, адметнага знака Яго вучняў”, - сказаў Святы Айцец.

“Дарагія сябры, аднаўляючы маю ўдзячнасць за ваш штогадовы візіт, заўсёды чаканы і жаданы, сёння я хацеў бы памаліцца разам з вамі аб дары гэтага гарачага запалу, каб мы ніколі не стамляліся любіць, спадзявацца, шукаць тых, хто далёка, палаючы знутры жаданнем абвяшчаць Езуса і будаваць еднасць, якой Ён так прагне”, - дадаў Пантыфік, заклікаючы маліцца аб апостальскім запалы, які дазволіць прымірыцца паміж сабой і станавіцца будаўнікамі прымірэння для свету.
 

19 студзеня 2023, 10:01