Папа: Міжземнамор’е паклікана быць пасланнем надзеі

Няхай Багародзіца суправаджае народы Міжземнамор’я, каб гэты рэгіён стаў тым, чым пакліканы быць: мазаікай цывілізацый і надзеі, - сказаў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 27 верасня 2023 года ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак падсумаваў сваё Апостальскае падарожжа ў Марсэль, якое здзейсніў 22-23 верасня з нагоды ІІІ Міжземнаморскіх сустрэч з удзелам прадстаўнікоў грамадзянскіх і касцёльных уладаў рэгіёну. Тэма форума – Мазаіка надзеі, адлюстроўвае выклік і мару пра тое, каб Міжземнамор’е “вярнулася да свайго паклікання быцця майстэрняй цывілізацыі і міру”, - сказаў ва ўступе да прамовы Святы Айцец.

Міжземнамор’е – гэта “калыска цывілізацыі і калыска для жыцця, таму непрымальна, каб яно стала магілай ці месцам канфлікту”, - падкрэсліў Папа, заўважаючы, што “Міжземнае мора злучае Афрыку, Азію і Еўропу, поўнач і поўдзень, усход і захад; людзей, культуры, народы і мовы, філасофіі і рэлігіі”. “Вядома, што мора – гэта заўсёды бездань, якую трэба пераадолець, і яно можа быць небяспечным. Але яго воды захоўваюць скарбы жыцця, яго хвалі і вятры нясуць судны рознага роду”, - сцвердзіў Францішак.

Папа нагадаў, што сустрэчы ў Марсэлі на працягу некалькіх апошніх гадоў папярэднічалі аналагічныя форумы ў Бары і Фларэнцыі: таму яна стала не ізаляванай падзеяй, а крокам наперад на шляху, які бярэ свой пачатак з Міжземнаморскіх перамоў, што адбываліся ў сярэдзіне ХХ стагоддзя па ініцыятыве фларэнтыйскага мэра Джорджа Ла Піра. Гаворка ідзе пра крок наперад, каб адказаць на заклік, скіраваны Паўлам VI у энцыкліцы Populorum progressio: спрыяць “больш чалавечнаму свету для ўсіх, у якім усе будуць мець, што даць і што ўзяць, і дзе прагрэс адных не будзе перашкодай для развіцця іншых”.

Пантыфік заўважыў, што вынікам марсэльскай сустрэчы стаў чалавечны позірк на Міжземнамор’е – “не ідэалагічны, не стратэгічны, не паліткарэктны, але чалавечны – гэта значыць, здольны суадносіць усё з самай высокай каштоўнасцю чалавечай асобы і яе непарушнай годнасці”.

Іншы плён форума – позірк, поўны надзеі, - адзначыў Папа, выказваючы пажаданне, каб гэта надзея канкрэтызавалася праз дзеянні ў доўгай, сярэдняй і кароткай перспектыве: неабходна працаваць дзеля таго, каб людзі “ў паўнаце сваёй годнасці маглі выбіраць паміж рашэннем эміграваць ці застацца”. “Міжземнамор’е павінна быць пасланнем надзеі”, - дадаў ён.

Францішак заахвоціў таксама вярнуць надзею еўрапейскім грамадствам, асабліва маладым пакаленням. “Нашы грамадствы, хворыя на індывідуалізм, спажывецтва і пустыя забавы маюць патрэбу ў тым, каб адкрыцца, напоўніць кіслародам душу і дух, і тады яны змогуць паглядзець на крызіс, як на магчымасць і вырашыць яго станоўчым чынам”, - сказаў Святы Айцец, выказваючы пажаданне, каб Багародзіца спадарожнічала народам Міжземнамор’я і дапамагла гэтаму рэгіёну стаць тым, чым ён пакліканы быць: мазаікай цывілізацый і надзеі.
 

27 верасня 2023, 10:10

Мінулая аўдыенцыя

Чытаць усё >