Пошук

Леў XIV падчас агульнай аўдыенцыі ў Базіліцы Святога Пятра Леў XIV падчас агульнай аўдыенцыі ў Базіліцы Святога Пятра 

Рытм збаўлення: Леў XIV пра сутнасць нядзелі і літургічнага часу

Леў XIV падчас агульнай аўдыенцыі прысвяціў сваю катэхезу літургічнаму году, падкрэсліўшы цэнтральнае значэнне нядзельнай Эўхарыстыі ў жыцці кожнага верніка.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

12 жніўня 2026 года падчас агульнай аўдыенцыі, якая з прычыны летняй спёкі прайшла ў Базіліцы Святога Пятра, Леў XIV разважаў пра значэнне і каштоўнасць літургічнага года. Ён спаслаўся на пяты раздзел канстытуцыі Другога Ватыканскага Сабору "Sacrosanctum Сoncilium", падкрэсліўшы, што літургічны год – гэта не просты ўспамін падзей мінулага, але пастаяннае ажыццяўленне справы збаўлення, якую Хрыстус здзяйсняе ў гісторыі.

Папа адзначыў, што праз цыкл літургічнага года Касцёл застаецца ў кантакце з адкупленчым дзеяннем Пана, а вернікі напаўняюцца Яго ласкай. "Сустрэча з Езусам, памерлым і ўваскрослым за нас, – гэта мэта, якую Касцёл заўсёды ставіць перад сабой", - сказаў Святы Айцец, адзначыўшы цэнтральнае месца Пасхальнай таямніцы.

Папа з вврнікамі перад агульнай аўдыенцыяй
Папа з вврнікамі перад агульнай аўдыенцыяй   (AFP or licensors)

Асобна Пантыфік спыніўся на нядзелі, якую айцы Сабору назвалі "падмуркам і ядром літургічнага года" і "першапачатковым святочным днём". Ён нагадаў вучэнне святога Яна Паўла II, паводле якога нядзеля – гэта дзень Пана, дзень Касцёла, дзень чалавека і "дзень дзён".

Леў XIV падкрэсліў, што для асвячэння нядзелі неабходна ўдзельнічаць у Эўхарыстыі, а літургічны сход вернікаў не можа быць заменены выключна віртуальнай прысутнасцю. У гэтай сувязі ён заклікаў шукаць найлепшыя ўмовы, каб у святой Імшы маглі ўдзельнічаць і тыя, хто ў нядзелю не мае магчымасці не працаваць.

Леў XIV таксама распавёў пра развіццё літургічнага года: ад штотыднёвай Пасхі, да якой з ІІ стагоддзя дадалася штогадовая Пасха, да развіцця цыклу Божага Нараджэння, ушанавання Найсвяцейшай Панны Марыі, мучанікаў і іншых святых.

Папы нагадаў, што літургічны год вядзе вернікаў ад чакання Месіі праз паўнату Пасхальнай таямніцы да прадчування будучай славы і з'яўляецца асноўным арыенцірам для ўсёй душпастырскай дзейнасці.
 

12 жніўня 2026, 10:35

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >