Пошук

Завяршылася апостальскае падарожжа Францішка ў Марсэль

Завяршылася двухдзённае апостальскае падарожжа Святога Айца ў французскі Марсэль. 23 верасня 2023 года ў 19 гадзін 28 хвілін самалёт італьянскай авіякампаніі ITA Airways з Папам на борце накіраваўся ў Рым.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Па заканчэнні святой Імшы, якая прайшла на стадыёне Веладром, Францішак прыбыў у Міжнародны аэрапорт Марсэля, дзе прайшла кароткая развітальная цырымонія з удзелам прэзідэнта Французскай Рэспублікі і прадстаўнікоў грамадзянскіх і касцёльных уладаў краіны.

Пакідаючы Францыю, Святы Айцец накіраваў прэзідэнту Эмануэлю Макрону тэлеграму, у якой выказаў удзячнасць за гасціннасць і спадзяванне на тое, што Міжземнаморскія сустрэчы прынясуць багаты плён міра і братэрства паміж народамі.

Падчас палёту Папа правядзе традыцыйную прэс-канферэнцыю для журналістаў.

Плануецца, што папскі самалёт прызямліцца ў Ф’юмічына ў 20 гадзін 50 хвілін па мясцовым часе. Адтуль Францішак паедзе ў Дом святой Марты.

Апостальскае падарожжа Святога Айца ў Марсэль праходзіла з 22 па 23 верасня 2023 года пад дэвізам Мазаіка надзеі. Асноўная мэта візіту – удзел у ІІІ Міжземнаморскіх сустрэчах, падчас якіх Папа падкрэсліў неабходнасць братэрства, адкрытасці і салідарнасці. Напружаны графік уключаў таксама сустрэчы з духавенствам, рэлігійнымі лідарамі, палітычнымі ўладамі краіны. Акрамя таго, Папа прывітаў і выслухаў уразлівых членаў грамадства: мігрантаў і бедных.

23 верасня 2023, 19:38