Пошук

Папа Францішак і кардынал Марыё Грэк Папа Францішак і кардынал Марыё Грэк  (Vatican Media)

Папа вызначыў тэмы для Даследчых груп Сінода Біскупаў

14 сакавіка 2024 года Папа даслаў ліст кардыналу Марыё Грэку, Генеральнаму сакратару Сінода Біскупаў, у якім вызначыў тэмы для больш глыбокага вывучэння Даследчымі групамі, напярэдадні кастрычніцкай сесіі сінадальнай асамблеі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Гаворка ідзе пра дзесяць пытанняў, якія паўсталі ў рамках першай сесіі XVI Звычайнай Агульнай Асамблеі Сінода Біскупаў, што праходзіла ў Ватыкане з 4 па 29 кастрычніка 2023 года. Даследчыя групы для іх больш глыбокага вывучэння былі створаны 17 лютага 2024 года, аб чым паведамлялася ў адмысловым хірографе Святога Айца.

Тэмы, выбраныя Францішкам, тычацца: некаторых аспектаў адносін паміж Усходнімі Цэрквамі і Рыма-Каталіцкім Касцёлам; слухання воклічу бедных; месца ў лічбавым асяроддзі; перагляду Ratio Fundamentalis Institutionis Sacerdotalis (святарскай фармацыі) у перспектыве сінадальнай місійнасці; некаторых тэалагічных і кананічных пытанняў, звязаных з канкрэтнымі формамі касцёльных паслуг, у тым ліку з роллю жанчын; перагляду ў сінадальнай і місійнай перспектыве дакументаў, якія рэгулююць адносіны паміж біскупамі, кансэкраванымі асобамі і касцёльнымі супольнасцямі; некаторых аспектаў постаці і служэння біскупа ў сінадальнай і місійнай перспектыве; ролі папскіх прадстаўнікоў у сінадальнай і місійнай перспектыве; тэалагічных крытэрыяў і сінадальнай метадалогіі распазнавання супярэчлівых дактрынальных, душпастырскіх і этычных пытанняў; выкарыстання плёнаў экуменічнага шляху ў касцёльнай практыцы.

Групы будуць складацца з пастыраў і экспертаў з усяго свету. Яны будуць працаваць у сінадальным духу пры падтрымцы адмысловых Дыкастэрый Рымскай курыі. Каардынаваць іх дзейнасць будзе Генеральны сакратарыят Сінода Біскупаў. Праца Даследчых груп дазволіць удзельнікам другой сесіі Сінода аб сінадальнасці лепш засяродзіцца на галоўнай тэме асамблеі: “Як быць сінадальным Касцёлам у місіі?”.
 

15 сакавіка 2024, 09:01