Пошук

Прыватная сустрэча Папы з хворай партугалкай Марыяй Хасэ Прыватная сустрэча Папы з хворай партугалкай Марыяй Хасэ  

Папа сустрэўся з жанчынай, хворай на бакавы аміятрафічны склероз

14 красавіка 2024 года ажыццявілася мара цяжкахворай партугалкі Марыі Хасэ Маркес да Сілва Карвалью. У Доме святой Марты прайшла яе прыватная сустрэча з Францішкам.

Марыя Валодзіна - Vatican News

"У мяне была мара, і Бог ажыццявіў яе", - так пракаментавала 60-гадовая жанчына сустрэчу з Святым Айцом.

Ажыццявіць жаданне хворай на бакавы аміятрафічны склероз дапамаглі сябры з каталіцкай супольнасці Гамбурга, куды Марыя Хасэ эмігравала шмат гадоў таму, а таксама польскі езуіт, ксёндз Міраслаў Анджэй Матыя, і кардынал Майкл Чэрны.

"Ці не маглі б вы дапамагчы ёй сустрэцца з Францішкам?”, - з такой просьбай звярнуліся сябры з каталіцкай супольнасці партугальскай эмігранткі да ксяндза Міраслава, які жыве ў Рыме, але часта бывае ў Гамбургу, дзе дапамагае місіі іезуітаў. Той, у сваю чаргу, звярнуўся да кардынала Майкла Чэрнага, прэфекта Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, які адказаў, што “паспрабуе нешта зрабіць”.

Між тым, стан Марыі Хасэ пагоршыўся, і было прынята рашэнне неадкладна ехаць у Рым, каб прыняць удзел у нядзельнай малітве Папы з вернікамі на плошчы святога Пятра.

Аднак 12 красавіка 2024 года кардынал Чэрны патэлефанаваў ксяндзу Міраславу, таму што "Францішак выказаў жаданне сустрэцца з жанчынай на прыватнай аўдыенцыі".

Сустрэча з Папам доўжылася некалькі хвілін. “Мая вера большая за маю хваробу”, - сказала Марыя Хасэ, звяртаючыся да Францішка, які быў уражаны гэтымі словамі і паўтарыў іх па-іспанску: "Вера большая за боль".

“Гэта быў кароткі, просты, але сапраўды хвалюючы момант для жанчыны, яе сям'і, і для Папы, які быў крануты яе сведчаннем і верай", - распавёў ксёндз Міраслаў.

22 красавіка 2024, 11:15