Пошук

Папа ў Венецыі: турма можа стаць месцам адраджэння

Парадаксальна, знаходжанне ў зняволенні можа азначаць пачатак чагосьці новага, праз адкрыццё нечаканай прыгажосці ў сабе і ў іншых, - сказаў Папа жанчынам-зняволеным турмы Венецыя-Джудэка.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

28 красавіка 2024 года раніцай Францішак наведаў папраўчую установу, на тэрыторыі якой сёлета знаходзіцца павільён Святога Пасада на 60-й Міжнароднай мастацкай выставе Біенале ў Венецыі.

Пантыфік папрасіў, каб яго візіт успрымаўся не як афіцыйнае мерапрыемства, але як “сустрэча, падчас якой, з ласкі Божай, мы ахвяруем адно аднаму час, малітву, блізкасць і братэрскую любоў”. “Сёння мы ўсе пакінем гэты двор багацейшымі”, - сказаў ён.

Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што, з аднаго боку, турма з’яўляецца чымсьці цяжкім, з многімі праблемамі, такімі як перапоўненасць, недахоп памяшканняў і сродкаў, выпадкі насілля, якія прычыняюць шмат пакут. З іншага – яна таксама можа стаць “месцам адраджэння”, дзе годнасць мужчын і жанчын не "змяшчаецца ў ізаляцыю", а заахвочваецца праз узаемную павагу і развіццё талентаў і здольнасцей, магчыма, бяздзейных або зняволеных перыпетыямі жыцця, якія могуць аднавіцца на карысць усім і якія заслугоўваюць увагі і даверу.

Францішак заўважыў, што, як ні парадаксальна, “знаходжанне ў турме можа азначаць пачатак чагосьці новага, праз новае адкрыццё нечаканай прыгажосці ў сабе і ў іншых”, сімвалам якой з’яўляецца венецыянская мастацкая падзея.

“Турма можа стаць месцам рэканструкцыі, дзе трэба паглядзець і смела ацаніць сваё жыццё, прыбраць з яго тое, што непатрэбна, захламлена, шкодна ці небяспечна, распрацаваць план, а потым пачаць спачатку”, - заўважыў Папа.

Францішак адзначыў важнасць таго, каб пенітэнцыярная сістэма прапаноўвала зняволеным інструменты і прастору для чалавечага, духоўнага, культурнага і прафесійнага развіцця, стварала ўмовы для іх здаровай рэінтэграцыі. Ён падкрэсліў, што кожны робіць памылкі, але ўсе мы можам быць вылечаны з іх праз узаемнае прабачэнне і адраджэнне.

“Дарагія сябры, давайце сёння разам адновім веру ў будучыню. Давайце прымем рашэнне пачынаць кожны дзень са слоў: “сёння паспяховы момант”, “сёння правільны дзень”, “сёння я пачынаю ўсё нанова”, заўсёды, на працягу ўсяго нашага жыцця!" - матываваў Папа жанчын-зняволеных турмы Венецыя-Джудэка.
 

28 красавіка 2024, 09:45