Пошук

Капітолій у Вашынгтоне. Ілюстрацыйнае фота Капітолій у Вашынгтоне. Ілюстрацыйнае фота  (REUTERS)

Францішак павіншаваў Дональда Трампа з уступленнем на пасаду

Папа скіраваў пасланне да Дональда Трампа з нагоды цырымоніі інаўгурацыі на пасаду прэзідэнта ЗША, якая 20 студзеня 2025 года пройдзе на Капіталійскім пагорку ў Вашынгтоне.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Святы Айцец запэўніў палітыка ў сваёй малітве да Усемагутнага Бога аб мудрасці, сіле і ахове ў яго служэнні на гэтай высокай пасадзе.

“З нагоды Вашай інаўгурацыі на пасаду сорак сёмага прэзідэнта Злучаных Штатаў Амерыкі дасылаю Вам сваё сардэчнае прывітанне і запэўніваю ў малітвах аб тым, каб Усемагутны Бог даў Вам мудрасць, сілу і ахову ў выкананні Вашых высокіх абавязкаў”, - напісаў Пантыфік.

Падкрэсліўшы каштоўнасць ідэалаў амерыканскай дзяржавы, “зямлі магчымасцяў і гасціннасці для ўсіх”, Францішак выказаў спадзяванне, што пад кіраўніцтвам Трампа амерыканскі народ будзе квітнець і заўсёды імкнуцца будаваць “больш справядлівае грамадства, у якім няма месца нянавісці, дыскрымінацыі і адчужэнню”.

“У час, калі наша чалавечая сям'я сутыкаецца са шматлікімі выклікамі, не кажучы ўжо пра бедствы вайны, я прашу Бога кіраваць Вашымі намаганнямі па падтрымцы міру і прымірэнні народаў”, - напісаў у сваім пасланні Святы Айцец.

20 студзеня 2025, 12:34