Пошук

Нядзеля Божага Слова. Ілюстрацыйнае фота Нядзеля Божага Слова. Ілюстрацыйнае фота  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Нядзеля Божага Слова: Папа ўзначаліць Імшу ў ватыканскай базіліцы

26 студзеня 2025 года ў Касцёле будзе адзначацца Нядзеля Божага Слова – урачыстасць, заснаваная Францішкам шэсць гадоў таму назад. Сёлетняя тэма – "Спадзяюся на Слова Тваё" (Пс 119, 81).

Марыя Валодзіна - Vatican News

З нагоды 6-й Нядзелі Божага Слова ў ватыканскай базіліцы адбудзецца святая Імша, якую будзе цэлебраваць Пантыфік. Падрабязнасці цырымоніі паведаміла Дыкастэрыя па евангелізацыі.

Эўхарыстыя распачнецца ў Базіліцы Святога Пятра ў 9.30 раніцы. Яе ўдзельнікі атрымаюць у падарунак ад Францішка Евангелле паводле святога Лукі. Гэтым жэстам, які стаў традыцыяй, Папа імкнецца нагадаць вернікам пра іх адказнасць за веданне Божага Слова.

Падчас святой Імшы адбудзецца абрад устанаўлення на паслугі лектарату сарака свецкіх вернікаў з розных краін свету: Албаніі, Аргенціны, Аўстрыі, Балівіі, Бразіліі, Ісландыі, Італіі, Мексікі, Польшчы, Славеніі і Філіпін.

Дыкастэрыя па евангелізацыі падрыхтавала бясплатны анлайн-дапаможнік з літургічнымі і душпастырскімі матэрыяламі для малітвы, разважання і сустрэчы са Словам Божым. Таксама ў ім можна азнаёміцца з артыкуламі, разважаннямі і душпастырскімі парадамі. Знайсці дапаможнік можна на сайце www.evangelizatio.va на шасці мовах: англійскай, іспанскай, італьянскай, партугальскай, польскай і французскай.

Білеты для ўдзелу ў Імшы можна атрымаць у юбілейным інфапункце па адрасе: Via della Conciliazione, 7. Іх пачнуць раздаваць у чацвер, 23 студзеня. Колькасць білетаў абмежаваная.

21 студзеня 2025, 12:00