Пошук

Кубінскія сцягі на Плошчы Святога Пятра. Ілюстрацыйнае фота Кубінскія сцягі на Плошчы Святога Пятра. Ілюстрацыйнае фота 

Папскае пасланне ў Гавану: мір праз надзею і дыялог

Францішак заклікаў адмовіцца ад логікі насілля і працаваць над стварэннем прасторы для перамоў на карысць трывалага міру.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Святы Айцец у пасланні да ўдзельнікаў VI Міжнароднай канферэнцыі За раўнавагу ў свеце, якая праходзіць у Гаване з 28 па 31 студзеня 2025 года, падкрэсліў важнасць надзеі як асноўнай каштоўнасці для сучаснага свету.

Трэба дзейнічаць рашуча і адважна

"Неабходна працаваць з рашучасцю, каб надзея, якая дадзена нам праз веру і любоў Езуса Хрыста, ператварылася ў мір для свету", - падкрэсліў Пантыфік у сваім пасланні. Паводле яго слоў, гэта патрабуе адмовы ад логікі насілля і актыўнага ўдзелу ў дыялогу і дыпламатыі.

Францішак звярнуў увагу на тое, што сучасныя выклікі патрабуюць комплекснага падыходу. Ён адзначыў, што імклівы рытм жыцця, страх перад будучыняй, недахоп бяспекі ў працы і адэкватнай сацыяльнай абароны перашкаджаюць людзям глядзець наперад з надзеяй.

Годнасць кожнага чалавека павінна паважацца

"Годныя пахвалы ўсе ініцыятывы, якія імкнуцца адкрыць шляхі для многіх братоў і сясцёр, якія жывуць у цяжкіх умовах, незалежна ад прычыны", - падкрэсліў Пантыфік. Ён заклікаў інстытуты і ўсё грамадства, "пры супрацоўніцтве ўсіх сацыяльных суб'ектаў", распачаць ініцыятывы, якія вернуць людзям веру ў сябе і грамадства.

Асаблівую ўвагу Святы Айцец надаў найбольш уразлівым групам насельніцтва. "Бедныя і хворыя, моладзь і пажылыя людзі, мігранты і перамешчаныя асобы, уключаючы тых, хто пазбаўлены свабоды, павінны быць у цэнтры ўвагі", - падкрэсліў ён.

Надзея дазваляе дзяліцца болем і радасцю

У сваім пасланні Папа нагадаў пра бягучы Юбілейны год, прысвечаны надзеі, што адлюстравана ў буле Spes non confundit. Гэта "год ласкі" і магчымасць аднавіць мір і грамадскае братэрства праз прабачэнне і прымірэнне.

Францішак заклікаў звяртаць увагу на добрае, што ёсць у свеце, каб не паддацца спакусе лічыць сябе пераможанымі злом і насіллем. Надзея, па яго словах, дазваляе быць гатовымі падзяляць пакуты, цяжкасці, расчараванні і страхі, якія суправаджаюць жыццё кожнага чалавека і кожнага грамадства.
 

29 студзеня 2025, 09:19