Пошук

Папа: мацярынства і бацькоўства адкрываюць новыя гарызонты шчасця

Прафесіяналізм, чалавечая чуласць і малітва – тры важныя элементы ў жыцці і працы акушэраў, акушэрак і гінеколагаў. На гэта звярнуў увагу Папа падчас сустрэчы з членамі асацыяцыі прадстаўнікоў гэтых прафесій з італьянскай вобласці Калабрыя, якіх прыняў 6 лютага 2025 года ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Ваша прафесія – цудоўная! Яна з’яўляецца пакліканнем і гімнам жыццю, асабліва важным у наш час. У Італіі і іншых краінах энтузіязм адносна мацярынства і бацькоўства, здаецца, знікае: на іх усё часцей глядзяць як на крыніцу цяжкасцей і праблем, а не як на адкрыццё новых гарызонтаў крэатыўнасці і шчасця”, - адзначыў Францішак, падкрэсліваючы, што гэтае мысленне фарміруецца пад уплывам сацыяльнага і культурнага кантэксту.

Святы Айцец прапанаваў сваім гасцям паразважаць над трыма ўзаемазвязанымі аспектамі іх дзейнасці: прафесіяналізмам, чалавечай чуласцю і, для тых, хто верыць, малітвай.

“Кампетэнтнасць – гэта інструмент, які дазваляе вам як мага лепш спаўняць міласэрнае служэнне, даверанае вам. Яна неабходная як у паўсядзённым суправаджэнні будучых маці, так і ў крытычных або балючых сітуацыях. У такія моманты прысутнасць дасведчаных спецыялістаў дае спакой і нават можа выратаваць жыццё”, - сказаў Пантыфік.

Папа падкрэсліў, што момант нараджэння дзіцяці – гэта час асаблівай уразлівасці і крохкасці, калі людзі маюць вялікую патрэбу ў блізкасці, пяшчоце і клопаце. “У такія хвіліны важна, каб побач былі чулыя і далікатныя людзі. Таму я заклікаю вас, акрамя прафесійных навыкаў, развіваць і глыбокае пачуццё чалавечнасці. Гэта дапаможа ўмацаваць у сэрцах бацькоў радасць і захапленне новым жыццём, якое нараджаецца з іх любові, і будзе спрыяць здароваму і шчасліваму нараджэнню”, - адзначыў Святы Айцец.

Гаворачы пра малітву, Папа назваў яе “непрыкметным, але дзейсным лекам, які лечыць душу”. “Часам ёй можна падзяліцца з пацыентамі, а ў іншых выпадках – узнесці яе да Бога ў сваім сэрцы, з павагай да перакананняў і шляху кожнага чалавека. Але заўсёды праз малітву вы будзеце садзейнічаць таму цудоўнаму супрацоўніцтву бацькоў, прыроды і Бога, у выніку якога нараджаецца новы чалавек паводле вобраза і падабенства Творцы”, - дадаў ён.

Напрыканцы Папа заклікаў сваіх гасцей з адказнасцю ставіцца да маці, бацькаў і дзяцей, якіх Бог ставіць на іх шляху, і маліцца за іх, асабліва падчас святой Імшы, у эўхарыстычнай адарацыі і ў штодзённай малітве.
 

06 лютага 2025, 11:56