Пошук

Папа сустрэўся з групай дзяўчынак-сірот з Харкава (Украіна) Папа сустрэўся з групай дзяўчынак-сірот з Харкава (Украіна)

Святы Айцец сустрэўся з групай сірот з Украіны

5 лютага 2025 года Папа сустрэўся ў Ватыкане з групай дзяўчынак-сірот з Харкава, якім дапамагае італьянская асацыяцыя Memoria Viva (Жывая памяць). Адна з дзяўчын, параненая ў выніку расійскага абстрэлу, падарыла Францішку ляльку з асколкам бомбы.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Расійскі снарад ледзь не забіў 18-гадовую Вераніку, калі яна выгульвала на вуліцы сабаку. Асколак, які параніў яе, дзяўчына зашыла ў маленькую ляльку Вільну, сімвал свабоды і адраджэння. Гэтую ляльку Вераніка ўручыла Францішку, які перад агульнай аўдыенцыяй асобна прыняў семярых украінскіх сірот ва ўзросце ад 6 да 19 гадоў. Такіх жа лялек атрымалі і сведкі Халакосту: італьянскі сенатар Ліліяна Сегрэ і Самі Мадзіяна, якія выжылі ў нацысцкіх лагерах.

Вераніка цудам засталася жывой, у тым ліку і дзякуючы дапамозе медыкаў з фонду Don Gnocchi з Мілана, куды яе перавезлі ў жніўні 2024 года пасля некалькіх месяцаў у рэанімацыі. Гэта стала магчымым дзякуючы каналам, якія наладзіў кардынал Матэа Дзупі, старшыня італьянскага епіскапату і пасланнік Францішка ва Украіне.

Дзяўчынкі прыйшлі на сустрэчу з Папам у вышыванках і прынеслі сцяг Украіны. Святы Айцец прывітаў гасцей усмешкай, падпісаў сцяг і паціснуў руку кожнай з прысутных. "Ён быў задаволены, шчаслівы, хоць і выглядаў некалькі стомленым”, - распавяла старшыня дабрачыннай арганізацыі Клаўдыя Контэ, якая тройчы наведвала Украіну і на свае вочы бачыла сітуацыю ў краіне, якую Францішак называе “пакутніцкай”.

“Мы павінны дапамагчы дзецям пераадолець траўмы, таму што, калі мы не дапаможам ім, яны вырастуць і стануць дарослымі, напоўненымі нянавісцю і гвалтам, гатовымі, у сваю чаргу, распаліць новыя войны", - заўважыла актывістка.
 

06 лютага 2025, 13:05