Францішак заклікае салезіянаў да адданасці Хрысту і моладзі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Святы Айцец накіраваў пасланне ўдзельнікам XXIX Генеральнага капітула Кангрэгацыі салезіянаў, які праходзіць з 16 лютага па 12 красавіка 2025 года. У тэксце ад 2 красавіка 2025 года ён таксама адзначыў 150-годдзе першай місіянерскай экспедыцыі святога Яна Боска ў Аргенціну.
Пантыфік павіншаваў новага генеральнага настаяцеля манаскай супольнасці, ксяндза Фабіа Атарда, і падзякаваў кардыналу Анхелю Фернандэсу Артымэ за яго служэнне Інстытуту на працягу мінулых гадоў.
Быць апантанымі і адданымі
"Вы выбралі для сваёй працы дэвіз: “Салезіяне, апантаныя Езусам Хрыстом і адданыя моладзі”. Гэта цудоўная праграма: быць “апантанымі” і “адданымі”, дазволіць сабе цалкам захапіцца любоўю Пана і служыць іншым, не пакідаючы нічога для сябе, менавіта так, як гэта зрабіў у свой час ваш Заснавальнік", - напісаў Францішак у сваім пасланні.
Нягледзячы на тое, што сёння выклікі часткова змяніліся ў параўнанні з часамі святога Яна Боска, вера і энтузіязм застаюцца тымі ж, узбагачаныя новымі дарамі, такімі як міжкультурнасць, адзначыў Святы Айцец.
Працягваць місію з настойлівасцю
Папа выказаў падзяку салезіянам за тое дабро, якое яны робяць ва ўсім свеце, і заахвоціў іх "працягваць з настойлівасцю". Ён таксама благаславіў удзельнікаў Капітула і ўсіх салезіянаў, якія працуюць на пяці кантынентах, і папрасіў маліцца за яго. "Няхай Марыя Успамога заўсёды суправаджае вас", - заключыў Святы Айцец сваё пасланне.
Варта адзначыць, што супольнасць, заснаваная святым Янам Боска ў 1859 годзе, з'яўляецца адным з найбуйнейшых каталіцкіх манаскіх ордэнаў у свеце. Яго асноўная харызма – выхаванне і евангелізацыя моладзі, асабліва найбольш уразлівай. Сёння салезіяне працуюць у больш чым 130 краінах свету, ажыццяўляючы адукацыйную і душпастырскую місію.