Папа: евангелізацыя– гэта сведчанне пра сустрэчу з Богам жыцця
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Сёння ў Паўсюдным Касцёле адзначаецца літургічны ўспамін мучаніцтва святога Яна Хрысціцеля. Яго асоба можа вельмі дапамагчы нам разважаць над місіяй евангелізатараў у сучасным Касцёле і свеце”, - сказаў Пантыфік.
Леў XIV нагадаў словы з Евангелля паводле святога Яна: “Слова сталася целам і пасялілася сярод нас” (Ян 1,14), падкрэсліўшы, што Ян Хрысціцель сведчыў пра гэта. Спасылаючыся на словы евангеліста Яна: “Тое, што мы бачылі і чулі, абвяшчаем і вам, каб і вы мелі ўдзел з намі” (1 Ян 1,3), Святы Айцец адзначыў, што заданнем школы евангелізацыі з’яўляецца сведчыць пра сустрэчу з Богам жыцця.
Наша пакліканне як ахрышчаных – “перадаваць тое, што мы самі атрымалі, каб усе сталі адно ўХрысце”, - падкрэсліў Папа, заклікаючы сваіх гасцей да сузірання “жыцця святых, якія, як Ян Хрысціцель, былі вернымі паслядоўнікамі Езуса Хрыста, выказваючы гэта словамі і добрымі ўчынкамі”.
Школы евангелізацыі Святога Андрэя – гэта ініцыятыва, заснаваная ў 1980 годзе ў Мексіцы Хасэ Прада Флорэсам з мэтай падрыхтоўкі католікаў да евангелізацыйнай дзейнасці. На сённяшні дзень яна налічвае каля 2 тысяч аддзяленняў у 69 краінах свету.
