Пошук

Папа і яго сабраты па Ордэне святога Аўгустына ў Кастэль-Гандольфа Папа і яго сабраты па Ордэне святога Аўгустына ў Кастэль-Гандольфа 

Леў XIV: пасярод шуму свету намагацца пачуць голас Бога і бедных

У свеце, напоўненым шумам, давайце намагацца пачуць голас тых, хто яго не мае, - заклікаў Папа ў пасланні да ўдзельнікаў дабрачыннага сходу, арганізаванага ў ЗША па ініцыятыве аўгустыніянскай Правінцыі святога Тамаша з Вілановы.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Сустрэча адбылася ў Філадэльфіі ўвечары 28 жніўня 2025 года – у літургічны ўспамін святога Аўгустына. Нагодай для яе стала нядаўняе ўручэнне Папу Медаля святога Аўгустына – найвышэйшай узнагароды Правінцыі святога Тамаша з Вілановы ў ЗША.

Медаль штогод атрымліваюць асобы, якія зрабілі важны ўнёсак у рэалізацыю вучэння Біскупа Гіпона, праяўляюць глыбокую адданасць ордэну і вернасць каштоўнасцям аўгустыніянскай духоўнасці – праўдзе, адзінству і любові.

Узнагарода была прысуджана Льву XIV яшчэ тады, калі ён быў кардыналам. Уручэнне адбылося некалькі тыдняў таму ў Кастэль-Гандольфа, дзе ён і запісаў свой відэазварот.

Папа нагадаў, што шлях святога Аўгустына быў “поўны выпрабаванняў і памылак, як і наша жыццё”, але “дзякуючы Божай ласцы, малітвам яго маці Монікі і супольнасці добрых людзей, якія яго акружалі, Аўгустын здолеў знайсці шлях да супакою для свайго няўрымслівага сэрца”.

Пантыфік падкрэсліў, што сведчанне святога Аўгустына – гэта заклік да кожнага хрысціяніна асэнсаваць дары, атрыманыя ад Бога, і рэалізаваць іх у “прасякнутым любоўю служэнні Богу і бліжнім”.

Святы Айцец асаблівым чынам адзначыў місіянерскі запал мясцовых аўгустыніянаў, у прыватнасці айцоў Мэцью Кара і Джона Росітэра, якія служылі мігрантам у Філадэльфіі напрыканцы XVIII стагоддзя. Ён заахвоціў наследаваць іх прыклад служэння, гледзячы адзін на аднаго вачыма Хрыста, гэта значыць усведамлячы сваю тоеснасць “як сясцёр і братоў у Ім”.

Папа заклікаў паслядоўнікаў святога Аўгустына сеяць вакол сябе мір, які “пачынаецца з таго, што мы гаворым і робім, і з таго, як мы гэта гаворым і робім”. Пантыфік заахвоціў вучыцца слухаць Святога Духа, адзін аднаго і асабліва бедных.

“Будзем жа намагацца адфільтраваць шум, галасы, якія сеюць падзел у нашых думках і сэрцах, і адкрывацца на штодзённыя запрашэнні лепш пазнаваць Бога і Яго любоў. Калі мы чуем гэты любячы і супакойваючы голас Пана, мы можам дзяліцца ім са светам, намагаючыся станавіцца адно ў Ім”, - запэўніў у сваім відэапасланні Леў XIV.
 

29 жніўня 2025, 11:48