Пошук

Вернікі віншуюць Папу на Плошчы Святога Пятра Вернікі віншуюць Папу на Плошчы Святога Пятра  (VINCENZO LIVIERI)

Папа Леў XIV адзначае 70-годдзе: вехі новага пантыфікату

Леў XIV, Наступнік Пятра з 8 мая 2025 года, адзначае сёння 70-годдзе. Першы Папа пакалення пасляваеннага дэмаграфічнага выбуху і першы амерыканец на пасадзе Біскупа Рыма нарадзіўся як Роберт Прэвост у Чыкага 14 верасня 1955 года.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

"Няхай мір будзе з вамі ўсімі", - гэтымі словамі 8 мая 2025 года новаабраны Пантыфік упершыню звярнуўся да вернікаў з Лоджыі Благаслаўлення Базілікі Святога Пятра. Сімвалічна, што выбранне кардынала Роберта Фрэнсіса Прэвоста на Апостальскі Пасад адбылося менавіта ў 80-ю гадавіну заканчэння Другой сусветнай вайны ў Еўропе.

Жыццё пачынаецца ад адносін

Ужо на трэці дзень пантыфікату Леў XIV упершыню пакінуў Рым, каб наведаць санктуарый Маці Божай Добрай Рады ў Джэнацана. "Вельмі хацеў прыбыць сюды ў гэтыя першыя дні новага служэння, якое даверыў мне Касцёл, каб працягваць гэтую місію як Наступнік Пятра", - прызнаўся тады Святы Айцец, падкрэсліваючы сваю адданасць заступніцтву Маці Божай.

18 мая 2025 года адбылася ўрачыстая інаўгурацыя пантыфікату, падчас якой Леў XIV прыняў палій і Пярсцёнак Рыбака. У гаміліі ён прамовіў: "Быў абраны, не маючы ніякіх заслуг. Са страхам і трымценнем прыходжу да Вас як брат, які прагне стаць слугой вашай веры і вашай радасці, ідучы з вамі дарогай любові Бога, Які хоча, каб мы ўсе былі з'яднаныя ў адну сям'ю".

Сяброўства – гэта шлях да міру

У першыя месяцы свайго пантыфікату Папа неаднаразова выказваў гатоўнасць прыняць у Ватыкане прадстаўнікоў Расіі і Украіны для мірных перамоў. Такое запэўненне прагучала 9 ліпеня 2025 года падчас сустрэчы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім у папскай рэзідэнцыі ў Кастэль-Гандольфа, куды Святы Айцец вярнуўся на адпачынак пасля 13-гадовага перапынку ў выкарыстанні гэтай летняй сядзібы рымскіх біскупаў.

Асаблівым момантам пантыфікату стаў Юбілей Моладзі ў Рыме, які сабраў больш за мільён маладых людзей з усяго свету. На Тор Вергата Леў XIV правёў малітоўнае чуванне, падчас якога заахвочваў моладзь будаваць сваё жыццё на Хрысце. "Сяброўства – гэта змяненне свету. Сяброўства – гэта шлях да міру", - падкрэсліваў Папа.

Пастыр, блізкі да людзей

17 жніўня 2025 года Пантыфік запрасіў на абед у сады Кастэль-Гандольфа каля 100 бедных людзей і іх апекуноў з дыяцэзіі Альбана. Гэты евангельскі жэст быў натхнёны Апошняй Вячэрай і стаў працягам жадання Папы Францішка, каб менавіта бедныя былі найважнейшымі ў Касцёле.

19 жніўня 2025 года Папа здзейсніў прыватны візіт у Санктуарый Маці Божай Ласкавай на Ментарэлі – месца, асабліва блізкае святому Яну Паўлу II. Там ён маліўся аб міры ў свеце, запаліў свечку ля ног Апякункі Санктуарыя.

Пантыфікат Льва XIV пачаўся з выразнай скіраванасцю на мір, блізкасць да вернікаў і адкрытасць на знакі часу. Ад першых слоў пра мір, праз інаўгурацыю, малітвы ў марыйных санктуарыях і сустрэчы з моладдзю, да заклікаў пра дыялог і пасрэдніцтва – Папа паслядоўна паказвае сябе як пастыра, блізкага да людзей і ўважлівага да знакаў часу.

У 70-ю гадавіну нараджэння Льва XIV гэтыя моманты нагадваюць, у якім кірунку ён вядзе Касцёл і на якія пытанні звяртае ўвагу на пачатку свайго шляху як Біскуп Рыма.
 

14 верасня 2025, 12:02