Леў XIV: хто служыць багаццю, той застаецца яго нявольнікам

Жаданне багацця можа заняць месца Бога ў нашым сэрцы, - папярэдзіў Папа падчас Імшы, якую 21 верасня 2025 года цэлебраваў у касцёле святой Ганны – невялікай ватыканскай святыні, у якой служаць святары з Ордэна святога Аўгустына.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Папа заўважыў, што касцёл знаходзіцца пры ўваходзе ў Ватыкан, таму побач з ім штодзённа праходзіць мноства пілігрымаў, супрацоўнікаў і гасцей. “Няхай кожны зможа ўбачыць тут дзверы і сэрцы, адкрытыя на малітву, слуханне і любоў”, - пажадаў ён.

У гаміліі Леў XIV пракаментаваў літургічны евангельскі ўрывак, у якім Езус кажа, што нельга адначасова служыць Богу і мамоне. Пантыфік адзначыў, што гэтымі словамі Пан заклікае хрысціян заняць выразную і паслядоўную пазіцыю.

“Гаворка ідзе не пра выпадковае рашэнне, як многія іншыя, і не пра выбар, які можна перагледзець з цягам часу ў залежнасці ад абставінаў. Неабходна вырашыць, якім будзе наш сапраўдны стыль жыцця. Гэта азначае выбраць, дзе мы змесцім сваё сэрца, каго мы па-сапраўднаму любім, каму служым з адданасцю і ў чым заключаецца наша сапраўднае дабро”, - сказаў ён.

Па словах Папы, Езус ставіць гэта патрабаванне, бо ведае, што мы стварэнні, якія маюць шмат патрэбаў, і таму існуе рызыка, што “жаданне багацця можа заняць месца Бога ў нашым сэрцы”.

“Перад абліччам выпрабавання патрэбай мы адчуваем пагрозу, але замест таго, каб з даверам прасіць дапамогі і дзяліцца па-братэрску, мы схільныя лічыць, назапашваць, робімся падазронымі і недаверлівымі да іншых”, - нагадаў Леў XIV, дадаючы, што ў такой сітуацыі ўзнікае спакуса ператварыць бліжніх у канкурэнтаў, сапернікаў ці тых, з каго трэба здабываць выгаду.

Святы Айцец нагадаў словы прарока Амоса, які перасцерагаў ад імкнення да багаццяў, што вядзе да эксплуатацыі слабых. “Сёння Касцёл асаблівым чынам моліцца за кіраўнікоў народаў, каб яны былі свабодныя ад спакусы выкарыстоўваць багацце супраць чалавека, ператвараючы яго ва ўзбраенні, якія знішчаюць народы, і ў манаполіі, якія прыніжаюць работнікаў. Хто служыць Богу, становіцца свабодным ад багацця, а хто служыць багаццю – застаецца яго нявольнікам! Хто шукае справядлівасці, ператварае багацце ў агульнае дабро; хто імкнецца да панавання, ператварае агульнае дабро ў здабычу ўласнай прагнасці”, — сказаў Папа.

Спасылаючыся на святога Аўгустына, Пантыфік заўважыў, што евангельскі несправядлівы эканом дбаў пра жыццё, якое прамінае, але вернікі пакліканы клапаціцца пра жыццё вечнае, наследуючы прыклад Хрыста.

Напрыканцы гаміліі Святы Айцец падзякаваў парафіяльнай супольнасці за апостальскае служэнне і выказаў надзею на тое, што ў трывожны час войнаў і раўнадушша вернікі будуць сведкамі любові і міру, абвяшчаючы словамі і ўчынкамі: Езус Хрыстус – Збаўца свету.
 

21 верасня 2025, 11:04