Леў XIV: місія каталіцкага часопіса – глядзець на свет вачыма Хрыста
Марыя Валодзіна - Vatican News
25 верасня 2025 года ў Ватыкане прайшла аўдыенцыя для рэдкалегіі і аўтараў часопіса “La Civiltà Cattolica”, прысвечаная 175-годдзю выдання. Пантыфік падзякаваў супрацоўнікам часопіса за вернае і шчодрае служэнне Святому Пасаду. Часопіс часам называюць "акном у свет", бо ён адкрыта і смела разважае пра сучасныя выклікі і супярэчнасці, - адзначыў ён.
Леў XIV вылучыў тры асноўныя напрамкі дзейнасці рэдакцыі: вучыць чытачоў адказнаму ўдзелу ў жыцці грамадства, быць голасам апошніх, і несці надзею.
Артыкулы па такіх фундаментальных пытаннях, як сацыяльная справядлівасць, сям'я, адукацыя, новыя тэхналагічныя выклікі і мір, дапамагаюць чытачам лепш разумець сучаснае складанае грамадства. Яны даюць чытачам інструменты, каб кожны мог унесці свой уклад у пабудову больш справядлівага і братэрскага свету, - падкрэсліў Пантыфік.
Святы Айцец падкрэсліў, што быць голасам бедных і пакінутых з'яўляецца фундаментальным аспектам жыцця і місіі кожнага хрысціяніна. Гэта патрабуе ўмення слухаць і заставацца побач з хворымі і апошнімі, каб разарваць замкнёнае кола ізаляцыі, адзіноты і глухаты.
Папа таксама нагадаў пра неабходнасць быць пасланнікамі надзеі, супрацьстаяць абыякавасці і расчараванню, нагадваючы, што канчатковая надзея – гэта Хрыстус, наша дарога (пар. Ян 14:6). “У Ім і разам з Ім на нашым шляху больш няма тупікоў і рэалій, якія маглі б спыніць нас і перашкодзіць нам з упэўненасцю любіць Бога і братоў”, - сцвердзіў Леў XIV.
Пантыфік заклікаў гасцей працягваць працу з радасцю, з дапамогай добрай журналістыкі, якая не прытрымліваецца іншага кірунку, акрамя Евангелля, слухаючы галасы ўсіх з паслухмянай лагоднасцю. Місія часопіса – глядзець на свет вачыма Хрыста і сведчыць пра гэта, - нагадаў ён, запэўніўшы прысутных ў малітве і благаславіўшы іх ад усяго сэрца.
