Пошук

Падчас папскай аўдыенцыі для ўдзельнікаў генеральных капітулаў чатырох манаскіх кангрэгацый Падчас папскай аўдыенцыі для ўдзельнікаў генеральных капітулаў чатырох манаскіх кангрэгацый  (@Vatican Media)

Папа заахвоціў манаскія супольнасці сачыць за знакамі часу

Леў XIV сустрэўся з удзельнікамі генеральных капітулаў і асамблей чатырох манаскіх кангрэгацый, падкрэсліваючы каштоўнасць супольнага жыцця і паслухмянасці.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У чацвер, 18 верасня 2025 года, Папа прыняў у Ватыкане ўдзельнікаў агульных асамблей манаскіх кангрэгацый Місіянераў Найкаштоўнейшай Крыві, Таварыства Марыі (Марыстаў), Францішканскіх Братоў Беззаганнай і Уршулянак Беззаганнай Марыі.

У супольным жыцці энергія Духа Святога пераходзіць ад аднаго да ўсіх

Святы Айцец падкрэсліў, што разнастайная спадчына гэтых Інстытутаў адлюстроўвае "шматлікасць дароў, дадзеных Богам заснавальнікам, якія, адкрыўшыся на дзеянне Духа Святога, змаглі зразумець знакі часу і адказаць на патрэбы, што ўзнікалі".

Падчас папскай аўдыенцыі для манаскіх канрэгацый
Падчас папскай аўдыенцыі для манаскіх канрэгацый   (@Vatican Media)

Папа вылучыў тры агульныя аспекты кансэкраванага жыцця, якія аб'ядноўваюць гэтыя манаскія супольнасці. Першы – важнасць супольнага жыцця як месца асвячэння і крыніцы натхнення, сведчання і сілы ў апостальстве. "У ім энергія Духа Святога, якая ёсць у адным, адначасова пераходзіць да ўсіх," - адзначыў Папа, цытуючы апостальскую адгартацыю Яна Паўла ІІ "Vita consecrata".

Паслухмянасць – вялікі акт любові, праз які мы прымаем рашэнне памерці для сябе

Другі аспект – фундаментальная каштоўнасць паслухмянасці як жэсту любові. "Сёння гаварыць пра паслухмянасць не вельмі модна: яе лічаць адмаўленнем ад уласнай свабоды. Але гэта не так," - падкрэсліў Леў XIV. Паслухмянасць у сваім найглыбейшым значэнні – гэта "вялікі акт любові, праз які мы прымаем рашэнне памерці для сябе, каб браты і сёстры маглі расці і жыць".

Заўважаць рэальныя патрэбы братоў

Трэці аспект – увага да знакаў часу. "Без гэтага адкрытага і клапатлівага погляду на рэальныя патрэбы братоў ніводная з вашых Кангрэгацый ніколі б не нарадзілася," - адзначыў Папа. Ён заахвоціў манаскія супольнасці працаваць у жывой памяці іх мужных пачаткаў, каб выявіць "іскру натхнення, ідэалы, праекты і каштоўнасці", якія рухалі заснавальнікамі.

Агульнае фота з гасцямі
Агульнае фота з гасцямі   (@VATICAN MEDIA)

Завяршаючы сустрэчу, Леў XIV падзякаваў прысутным за дабро, якое яны робяць штодзень у розных частках свету, "дабро, часта нябачнае для людскіх вачэй, але заўважанае Бога", і благаславіў іх, заахвочваючы працягваць сваю місію з верай і велікадушнасцю.
 

18 верасня 2025, 12:23