Леў XIV: у кастрычніку штодзённа маліцца Ружанец за мір
На заканчэнне агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 24 верасня 2025 года ў Ватыкане, Папа распавёў пра некаторыя малітоўныя ініцыятывы, што адбудуцца ў Ватыкане ў кастрычніку, і заклікаў вернікаў маліцца Ружанец за мір.
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Дарагія браты і сёстры, кастрычнік, які ўжо зусім блізка, у Касцёле асаблівым чынам прысвечаны Святому Ружанцу; таму запрашаю ўсіх кожны дзень на працягу наступнага месяца маліцца Ружанец за мір – асабіста, у сям’і і супольнасці”, - сказаў Леў XIV .
Пантыфік заклікаў усіх, хто здзяйсняе служэнне ў Ватыкане, прымаць удзел у ружанцовай малітве, якая кожны вечар будзе праводзіцца ў Базіліцы Святога Пятра.
Святы Айцец абвясціў, што ўвечары 11 кастрычніка прыме ўдзел у ружанцовай малітве на Плошчы Святога Пятра, якая адбудзецца ў вігілію Юбілею Марыйнай Духоўнасці. Ён таксама заўважыў, што падчас гэтай падзеі будзе ўспамінацца гадавіна адкрыцця Другога Ватыканскага Сабора.
24 верасня 2025, 11:22
