Гармонія – далікатная "рамесная праца”: Папа прымае індaнезійцаў
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Папа 22 верасня 2025 года сустрэўся з індaнезійскай каталіцкай супольнасцю Рыма. Гэта сімвалічная падзея, якая адзначае дзве важныя даты: першую гадавіну папскага візіту ў Індaнезію і 75-годдзе дыпламатычных адносін паміж Святым Пасадам і Індaнезіяй.
“Еднасць у разнастайнасці” – гэта не проста дэвіз, але сапраўдны шлях жыцця
У сваёй прамове Леў XIV падкрэсліў, што з самага пачатку Святы Пасад ішоў побач з індaнезійскай дзяржавай, прызнаўшы яе незалежнасць адразу пасля абвяшчэння. "За гэтыя дзесяцігоддзі былі пабудаваны сувязі на дыялогу, павазе і сумесным абавязацельстве на карысць міру і гармоніі", - адзначыў ён.
Святы Айцец згадаў пра важнасць Дэкларацыі з Істыкляля, падпісанай яго папярэднікам Францішкам і Вялікім імамам мячэці Істыкляль, якая стала сімвалам міжрэлігійнага супрацоўніцтва і еднасці дзеля дабра чалавецтва.
Захоўваць гармонію сярод разнастайнасці падобна да далікатнай “рамеснай працы, даручанай усім”
"Вы паказваеце, што магчыма быць адначасова адданымі католікамі і годнымі індaнезійцамі, вернымі Евангеллю і будаўнікамі гармоніі ў грамадстве", - падкрэсліў Папа.
Асаблівае прызнанне атрымала дзейнасць індaнезійскай супольнасці ў Рыме, якая захоўвае свае традыцыі нават удалечыні ад Радзімы і стварае моцныя сувязі не толькі сярод хрысціян, але і з прадстаўнікамі іншых канфесій. На думку Святога Айца, гэта адлюстроўвае індaнезійскі дэвіз "Еднасць у разнастайнасці".
Як казаў Папа Францішак у Джакарце, народы Індaнезіі ствараюць “злучальную тканіну”, калі яны звязаны пошукам агульнага дабра", - нагадаў Леў XIV.
Папа адзначыў важнасць салідарнасці, якую індaнезійская супольнасць дэманструе ў практычных справах – ад прыёму новых мігрантаў да абмену культурай з мясцовымі супольнасцямі. "Гэта ясныя прыклады “культуры сустрэчы”, якая з'яўляецца фундаментам міру і еднасці", - падкрэсліў ён.
На заканчэнне Святы Айцец заахвоціў індaнезійскіх католікаў заставацца "будаўнікамі мастоў паміж народамі, культурамі і веравызнаннямі" і даручыў іх заступніцтву Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Касцёла.
