Леў XIV ўзначаліць Імшу ў ватыканскім касцёле святой Ганны
Марыя Валодзіна - Vatican News
Як паведаміла Зала Друку Святога Пасада, 21 верасня, у XXV Звычайную нядзелю, Пантыфік узначаліць набажэнства, якое пройдзе ў старажытным касцёле святой Ганны. Ён месціцца ля брамы, якая вядзе на тэрыторыю Дзяржавы Ватыкан. Імша пачнецца ў 10 гадзін раніцы.
Храм, збудаваны ў XVI стагоддзі, першапачаткова належаў Брацтву папскіх конюхаў (palafrenieri), нябеснай апекункай якіх лічылася святая Ганна. Пасля падпісання Латэранскіх пагадненняў Папа Пій XI заснаваў тут у 1929 годзе парафію, даручыўшы яе пастырскай апецы Ордэна святога Аўгустына. У мінулым годзе кардынал Роберт Прэвост цэлебраваў тут Святую Імшу ў літургічны ўспамін святых Яўхіма і Ганны, 26 ліпеня. У нядзелю ён вернецца сюды як Пантыфік.
Касцёл святой Ганны наведвалі многія Папы. Пій XI прысутнічаў тут у 1931 годзе на адкрыцці аргана. Ян XXIII наведаў храм 20 студзеня 1961 года. Павел VI адзначыў тут 50-годдзе свайго святарскага служэння. Ян Павел II называў касцёл “сваёй парафіяй”. Бэнэдыкт XVI цэлебраваў тут Імшу 5 лютага 2006 года, а Папа Францішак абраў касцёл святой Ганны для сваёй першай публічнай Імшы 17 сакавіка 2013 года.
