Папа: прызнанне Палесціны можа дапамагчы міру на Блізкім Усходзе
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У аўторак, 23 верасня 2025 года, перад вечаровым вяртаннем з Кастэль-Гандольфа ў Ватыкан, Леў XIV паразмаўляў з журналістамі. Ён асабліва падкрэсліў важнасць ролі Еўропы ў дасягненні міру.
Аб'яднаная Еўропа – шлях да змены
Адказваючы на пытанне пра нядаўняе рашэнне Францыі прызнаць Дзяржаву Палестына, Леў XIV выказаў меркаванне, што такое прызнанне магло б дапамагчы ўрэгуляванню канфлікту.
Аднак ён адзначыў, што ЗША, верагодна, зробяць гэта апошнімі. Папа нагадаў, што Апостальская Сталіца ўжо шмат гадоў таму прызнала рашэнне аб стварэнні дзвюх дзяржаў, кіруючыся неабходнасцю павагі да ўсіх народаў.
Дыялог знаходзіцца пад пагрозай
"Прызнанне Палесціны іншымі краінамі магло б дапамагчы вырашэнню палесцінскага пытання, аднак у гэты момант з другога боку няма жадання слухаць, таму дыялог перарваны", - заўважыў Папа.
Пантыфік таксама падзяліўся інфармацыяй пра складаную сітуацыю ў Газе, дзе працягваецца ваенная кампанія. Ён паведаміў, што кантактаваў з парафіяй Святой Сям'і ў Газе.
Небяспека для хрысціянскай супольнасці ў Газе
"Дзякуй Богу, парафія трымаецца добра. Аднак кожны раз ваенныя рэйды адбываюцца ўсё бліжэй", - падкрэсліў Святы Айцец.
На пытанне пра нядаўнія выпадкі парушэння расійскімі самалётамі паветранай прасторы еўрапейскіх краін Святы Айцец адказаў: "Нехта спрабуе дабіцца эскалацыі, сітуацыя становіцца ўсё больш небяспечнай. Я настойліва заклікаю адмовіцца ад зброі, адысці ад ваенных сродкаў і наблізіцца да стала перамоў".
Пастаянны пошук мірнага рашэння
Калі журналісты выказалі меркаванне, што Еўропа, магчыма, зараз надта слабая, Леў XIV адказаў: "Калі б Еўропа была па-сапраўднаму аб'яднанай, я веру, што яна магла б змяніць сітуацыю". Пры гэтым Пантыфік адзначыў, што павелічэнне выдаткаў на ўзбраенне – гэта палітычныя пытанні, на якія ўплываюць таксама ціск звонку Еўропы. Аднак падрабязна каментаваць гэтую тэму ён не стаў.
Святы Айцец падкрэсліў, што Апостальская Сталіца няспынна вядзе перамовы з пасламі і кіраўнікамі дзяржаў адносна канфліктаў. "Калі яны прыязджаюць, мы шукаем рашэнне", - сказаў Леў XIV. Ён дадаў, што асабіста таксама абмяркоўваў гэтыя пытанні з некаторымі лідарамі дзяржаў, з якімі сустракаўся.
