Пошук

Леў XIV падчас размовы з журналістамі ў Кастэль-Гандольфа, 16 верасня 2025 года Леў XIV падчас размовы з журналістамі ў Кастэль-Гандольфа, 16 верасня 2025 года 

Пантыфік пра сітуацыю ў Газе: трэба шукаць іншае рашэнне

Увечары 16 верасня 2025 года, вяртаючыся ў Ватыкан з летняй рэзідэнцыі ў Кастэль-Гандольфа, Леў XIV коратка пагутарыў з журналістамі. Пытанні тычыліся сітуацыі ў Сектары Газа і іншых актуальных міжнародных падзей.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Адказваючы на пытанні пра масавы зыход жыхароў Газы, Папа паведаміў пра тэлефонную размову з мясцовай супольнасцю і айцом Габрыэлем Раманэлі. “Многім людзям няма куды ісці, і гэта трывожыць. Я размаўляў з нашымі людзьмі там, з пробашчам. Пакуль яны вырашылі заставацца, трымаюцца, але нам трэба шукаць іншае рашэнне”, - сказаў Святы Айцец.

16 верасня 2025 года Пантыфік патэлефанаваў айцу Раманэлі, пробашчу каталіцкай парафіі Святой Сям’і ў Газе, каб даведацца пра становішча 450 чалавек, якія знайшлі прытулак у парафіяльным комплексе на фоне інтэнсіфікацыі ізраільскай ваеннай аперацыі ў горадзе.

На пытанне пра адносіны паміж НАТА і Расіяй Леў XIV заўважыў: “НАТА не пачынала ніякай вайны. Палякі занепакоеныя, бо адчуваюць, што іх паветраная прастора была парушана. Сітуацыя вельмі напружаная”.

Перад ад’ездам вернікі павіншавалі Папу з імянінамі: 17 верасня ў Касцёле адзначаецца дзень святога Роберта Белярміна, нябеснага заступніка Святога Айца. Польскія вернікі паднеслі яму букет і віншавальны ліст.

17 верасня 2025, 13:31