Папа да Касцёла ў Рыме: патрэбна эмпатычнае душпастырства
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Леў XIV спаслаўся на евангельскі ўрывак пра размову Езуса з Самаранкай пры студні, падкрэсліўшы, што невычэрпнай крыніцай жывой вады з’яўляецца Святы Дух, які здольны абнаўляць усё. Ён адзначыў, што Касцёл пакліканы быць “прывілеяваным каналам, праз які жывая вада Святога Духа зможа дасягнуць усіх”.
Пантыфік звярнуў увагу на патрэбу ва “ўзорнасці святога Божага народа” і нагадаў заклік Папы Францішка – “развіваць уласны стыль сінадальнага і місіянерскага Касцёла”.
“Цяпер нашая чарга ўзяцца за працу, каб Касцёл у Рыме стаў лабараторыяй сінадальнасці, здольнай – з Божай ласкай – рэалізоўваць “справы Евангелля” ў касцельным кантэксце, дзе шмат цяжкасцяў”, - сказаў Святы Айцец, заўважаючы, што гэтыя выклікі датычаць перадусім перадачы веры і шматлікіх сацыяльных праблем, у тым ліку моладзі і сем’яў.
“Сінадальны Касцёл у місіі мае патрэбу ў тым, каб навучыцца цаніць дары кожнага і разумець функцыю кіравання як міратворчую і гарманізуючую дзейнасць, каб у супольнасці, створанай Духам, дыялог і адносіны дапамагалі нам перамагаць шматлікія імкненні да супрацьстаяння або абарончай ізаляцыі”, - сцвердзіў Пантыфік.
Папа заклікаў спрыяць актыўнаму ўдзелу ўсіх у жыцці Касцёла праз адмысловыя “органы ўдзелу”, у якіх будзе ўмацоўвацца ўзаемадзеянне паміж святарамі і супольнасцямі.
“Як мы ведаем, у сучасным свеце, які стаў больш складаным, і ў горадзе, што рухаецца з неверагоднай хуткасцю і дзе людзі жывуць у пастаяннай мабільнасці, мы павінны думаць і планаваць разам, выходзячы за загадзя вызначаныя межы і эксперыментуючы з пастырскімі ініцыятывамі”, - заклікаў Пантыфік.
Святы Айцец вылучыў тры напрамкі, якія неабходна развіваць у Рымскай дыяцэзіі. У першую чаргу ён заахвоціў клапаціцца пра адносіны паміж хрысціянскай ініцыяцыяй і евангелізацыяй, улічваючы, што ўсё менш людзей звяртаюцца з просьбай аб удзяленні сакрамэнтаў.
Папа адзначыў, што пачатак хрысціянскага жыцця – гэта працэс, які павінен інтэграваць жыццё ва ўсіх яго аспектах, паступова спрыяючы адносінам з Хрыстом, слуханню Божага слова, жаданню жыць малітвай і рабіць учынкі міласэрнасці.
Леў XIV заахвоціў эксперыментаваць з новымі інструментамі і мовамі, уцягваючы ў працэс сем’і і спрабуючы выйсці за рамкі катэхетычнай падрыхтоўкі ў школе. “У гэтай перспектыве трэба з далікатнасцю і ўвагай клапаціцца пра тых, хто выказвае жаданне прыняць хрост у падлеткавым і дарослым узросце”, - сказаў Пантыфік, нагадваючы таксама пра важнасць пастаяннай фармацыі катэхетаў.
Другім напрамкам Папа назваў заахвочванне моладзі і сем’яў. Ён заклікаў “наладзіць душпастырства салідарнае, эмпатычнае, далікатнае, якое не будзе асуджаць, здольнае прымаць усіх і прапаноўваць максімальна персаналізаваныя шляхі, прыстасаваныя да розных жыццёвых сітуацый адрасатаў”.
Пантыфік заахвоціў падтрымліваць сем’і ў перадачы веры, не замяняючы іх, але становячыся “спадарожнікамі на гэтым шляху і прапануючы інструменты для пошуку Бога”.
Трэці напрамак – паглыбленне фармацыі на ўсіх узроўнях. “Фармацыя патрэбная ў парафіях, і там, дзе яе бракуе, варта ўкараняць біблійныя і літургічныя шляхі, не забываючы пра пытанні, якія цікавяць новыя пакаленні, але датычаць усіх нас: сацыяльная справядлівасць, мір, міграцыя, клопат пра стварэнне, адказнае грамадзянства, павага ў сямейным жыцці, псіхічныя пакуты і залежнасці, а таксама многія іншыя выклікі”, - сказаў Папа.
“Усё гэта, прашу вас, мае быць прадумана і зроблена разам, сінадальным спосабам, як народ Божы, які не перастае, пад кіраўніцтвам пастыраў, чакаць і спадзявацца, што за сталом, прыгатаваным Панам, згодна з бачаннем прарока Ісаі, змогуць аднойчы сапраўды сесці ўсе”, - дадаў Святы Айцец.
