Пошук

Аркестр Ватыканскай жандармерыі Аркестр Ватыканскай жандармерыі  (Vatican Media)

Леў XIV у Кастэль-Гандольфа: гістарычны канцэрт аркестраў

Папа Леў XIV знаходзіцца ў Кастэль-Гандольфа. Тут адбыўся гістарычны сумесны канцэрт аркестраў Швейцарскай гвардыі і Ватыканскай жандармерыі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Як паведаміла Зала Друку, Святы Айцец прыбыў у сваю летнюю рэзідэнцыю ў панядзелак 29 верасня 2025 года вечарам, што з’яўляецца яго штотыднёвай практыкай, і вернецца ў Ватыкан у аўторак 30 верасня 2025 года вечарам.

Увечары 29 верасня 2025 года ў двары Апостальскага палаца ў Кастэль-Гандольфа адбылася ўнікальная музычная падзея, прымеркаваная да ўрачыстасці святога Міхала Арханёла, апекуна Дзяржавы Ватыкан.

Упершыню ў гісторыі адбыўся сумесны канцэрт духавых аркестраў Папскай швейцарскай гвардыі і Корпуса жандармерыі Дзяржавы Ватыкан. Ініцыятыва з’яўляецца часткай цыклу "Музыка ў музеях – Юбілей 2025" і ўпісваецца ў культурныя мерапрыемствы Юбілейнага года ў духу дзялення прыгажосцю мастацтва.

Праект рэалізаваны ў супрацоўніцтве Дырэкцыі музеяў і культурных каштоўнасцей і Дырэкцыі Папскіх віл Губернатарата Дзяржавы Ватыкан, а таксама Італьянскага нацыянальнага музычнага камітэта (CIDIM). У праграме канцэрта прагучалі, між іншым, такія творы, як “Marcia d’ingresso Open Road” Марціна Карона, гімн Юбілею 2025 года “Pellegrini di Speranza” Франчэска Менегела і П’еранджэла Сэкуэры, “La vita è bella” Ніколы П’ёвані, а таксама Папскі гімн Шарля Франсуа Гуно.

Аркестрам Корпуса жандармерыі кіраваў маэстра Стэфана Янілі, пры каардынацыі намесніка камісара Маўра Калаякома, а аркестрам Папскай швейцарскай гвардыі – маэстра Франсуа Фурнье.
 

30 верасня 2025, 10:12