Пошук

Пантыфік: норма чалавечых адносін – гэта не гвалт, а братэрства

Перад абліччам актуальных выклікаў, звязаных з войнамі, беднасцю, міграцыяй, самотнасцю і адчужэннем, трэба вярнуцца да біблійнага пытання: "Дзе брат твой?", - падкрэсліў Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

12 верасня 2025 года Папа Леў XIV прыняў на аўдыенцыі прадстаўнікоў культур і рэлігій з усіх кантынентаў – удзельнікаў ІІІ Сусветнай сустрэчы на тэму чалавечага братэрства (World Meeting on Human Fraternity).

Пантыфік нагадаў, што перад абліччам канфліктаў і падзелаў, якія ахапілі планету, важна сведчыць пра агульначалавечае братэрства і казаць цвёрдае “не” вайне. Ён падкрэсліў, што вайна не павінна быць спосабам вырашэння супярэчнасцяў, а з дапамогай сапраўднай мудрасці можа ператварыць напружанасць у новы шлях згоды.

Папа заўважыў, што канфлікты спадарожнічаюць чалавецтву з найстаражытнейшых часоў, пра што сведчыць біблійная гісторыя пра першае забойства паміж братамі. Але гвалт нельга ўспрымаць як нешта “нармальнае”. Наадварот, сапраўдная “норма” адлюстравана ў Божым пытанні, скіраваным да Каіна: “Дзе брат твой?”, - сцвердзіў Пантыфік, заклікаўшы вярнуцца да яго перад абліччам сучасных выклікаў.

“Брат, сястра, дзе ты? Дзе ты ў бізнесе войнаў, якія ламаюць жыцці маладых людзей, прымушаных браць у рукі зброю; войнаў, што наносяць удары па мірных жыхарах, дзецях, жанчынах і безабаронных пажылых людзях, спустошваюць гарады, сельскую мясцовасць і цэлыя экасістэмы, пакідаючы пасля сябе толькі руіны і боль? Брат, сястра, дзе ты сярод пагарджаных, зняволеных і адрынутых мігрантаў, сярод тых, хто шукае збаўлення і надзеі, але сустракаецца з мурамі і раўнадушшам? Дзе ты, брат, калі бедных абвінавачваюць у іх беднасці, забываюць і адкідаюць у свеце, дзе прыбытак цэніцца больш, чым людзі? Брат, сястра, дзе ты ў гэтым гіперзлучаным жыцці, дзе адзінота разбурае сацыяльныя сувязі і робіць нас чужымі нават самім сабе?”, - заклікаў задумацца Святы Айцец.

Паводле слоў Папы, адказам на гэтыя пытанні “не можа быць маўчанне”, але выбар іншага кірунку жыцця і развіцця. “Прызнаць, што іншы – гэта брат ці сястра, значыць вызваліцца ад ілюзіі, што мы “адзіныя дзеці”, а таксама ад логікі “кампаньёнаў”, якія жывуць разам толькі дзеля выгады”, - сказаў Леў XIV, адзначыўшы, што сёння трэба навучыцца глядзець далей за выгаду, кроўныя ці этнічныя сувязі.

“Цікава, што ў Бібліі, як адкрыла навуковая экзэгетыка, менавіта найбольш познія і сталыя тэксты апавядаюць пра братэрства, якое выходзіць па-за этнічныя межы Божага народа і грунтуецца на агульнай чалавечнасці. Пра гэта сведчаць аповеды пра стварэнне і радаводы: розныя народы маюць адзіны пачатак – нават ворагі. А Зямля са сваімі дабротамі належыць усім, а не толькі некаторым”, - падкрэсліў Леў XIV.

Пантыфік адзначыў, што “братэрства – гэта сапраўднае імя блізкасці”. Яно заахвочвае шукаць аблічча іншага, а ў твары беднага, бежанца, нават суперніка распазнаваць Таямніцу: для вернікаў – вобраз самога Бога.

“Нам патрэбны шырокі “альянс чалавечнасці”, заснаваны не на панаванні, а на клопаце; не на прыбытку, а на дары; не на падазронасці, а на даверы. Клопат, дар, давер – гэта не каштоўнасці для вольнага часу, а падмурак эканомікі, якая не забівае, але ўзмацняе і пашырае ўдзел у жыцці”, - сказаў Святы Айцец, выказваючы сваім гасцям падзяку за намаганні па пашырэнні братэрства праз культуру, працу і дыпламатыю.
 

 

12 верасня 2025, 12:23