Пошук

Падчас Імшы ў парафіі Святой Сям'і ў Газе. 20 ліпеня 2025 года Падчас Імшы ў парафіі Святой Сям'і ў Газе. 20 ліпеня 2025 года  (AFP or licensors)

450 уцекачоў у парафіі Газы атрымалі благаслаўленне Папы

Пробашч парафіі Святой Сям'і ў Газе расказаў пра размову з Папам пасля загаду Ізраіля аб эвакуацыі. У парафіі застаюцца 450 уцекачоў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Ксёндз Габрыэле Раманэлі, пробашч парафіі Святой Сям'і ў Газе, пацвердзіў, што Леў XIV асабіста патэлефанаваў у парафію пасля ізраільскага загаду аб неадкладнай эвакуацыі жыхароў.

"Гэта не ўпершыню. Ён заўсёды ўважліва сочыць за сітуацыяй і вельмі заангажаваны ў спыненне гэтай вайны", - паведаміў італьянскі святар ў відэазапісе, апублікаваным СМІ Святога Пасада.

Папскі званок адбыўся ўвечары 10 верасня 2025 года падчас урачыстай літургіі. "Хацеў ведаць, як у нас справы. Мы сказалі яму, што ў нас усё добра, хоць сітуацыя па-ранейшаму цяжкая", - перадаў Раманэлі словы, сказаныя Пантыфіку.

У парафіі, якая ў ліпені зазнала напад ізраільскіх войск, знаходзіцца каля 450 уцекачоў – пажылых, хворых, дзяцей. Большасць не жадае пакідаць горад. "Многія кажуць тое ж, што мы чулі з пачатку вайны. Усюды небяспечна, усюды бамбардзіроўкі, рэальная пагроза, смерць, параненыя, разбурэнні", - растлумачыў ксёндз.

Нягледзячы на ваенную сітуацыю, парафіяльнае жыццё працягваецца. 9 верасня 2025 года адбыўся шлюб каталіцкай пары, а 10 верасня ў сям'і ўцекачоў нарадзіўся хлопчык Маркас. "Бог нястомна нас благаслаўляе. І ў гэтыя цяжкія моманты працягвае сведчыць сваю блізкасць", - падкрэсліў пробашч.

Ксёндз Раманэлі завяршыў відэазварот заклікам: "Мы па-ранейшаму молімся да Бога, каб праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі падарыў нам цуд міру".
 

11 верасня 2025, 09:14