Пошук

Папа на Юбілей суцяшэння: любоў перамагае гвалт

Нават у цемры пакут ёсць надзея, бо дабро перамагае зло, Хрыстус перамог смерць, а дзеці Божыя працягваюць несці ў свет спагаду і падтрымку, - сказаў Леў XIV падчас малітоўнага чування з нагоды Юбілею суцяшэння, якое 15 верасня 2025 года прайшло ў Базіліцы Святога Пятра ў Рыме.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У гаміліі Папа нагадаў словы прарока Ісаі: “Суцяшайце народ Мой” (Іс 40:1). Ён заклікаў вернікаў быць носьбітамі суцяшальнай прысутнасці Бога для тых, хто пакутуе на хваробы, перажывае адчай і смутак. Спачувальнае слова, якое стала целам у Хрысце, і ёсць той Міласэрны Самаранін, які не пакідае чалавека нават у змрочны час.

Бываюць аднак сітуацыі, калі словы не дапамагаюць, а становяцца лішнімі. У такія моманты нам застаюцца толькі слёзы. Святы Айцец падкрэсліў каштоўнасць слёз: яны рыхтуюць нас да сустрэчы з Езусам. Слёзы – гэта мова, якая выказвае глыбокія пачуцці параненага сэрца, нямы крык аб спагадзе і суцяшэнні. Плакаць не сорамна, - падкрэсліў Папа.

Там, дзе ёсць пакуты, непазбежна ўзнікаюць пытанні: чаму так шмат зла? Адкуль яно бярэцца? Чаму гэта здарылася менавіта са мной? На такія пытанні нельга адказваць замкнёнасцю і адчаем. Святое Пісанне вучыць нас ператвараць іх у веру, у малітву, у заклік да Божай справядлівасці і міру. Тады мы ўздымаем мост да неба, нават калі яно здаецца нямым, - сказаў Леў XIV.

Папа нагадаў, што ў Касцёле чалавек ніколі не самотны: падтрымка і суцяшэнне іншых становяцца лекамі і крыніцай надзеі, якая не расчароўвае. Асабліва важнай з’яўляецца здольнасць да прабачэння. Перажыты гвалт не можа быць перакрэслены, але прабачэнне з'яўляецца прадвесцем Валадарства Божага на зямлі. Толькі любоў і міласэрнасць могуць перамагчы насілле і адкрыць шлях да сапраўднай справядлівасці.

Пантыфік звярнуўся да тых, хто пацярпеў ад несправядлівасці і злоўжыванняў, падкрэсліваючы, што яны застаюцца дзецьмі Божымі, а Марыя – іх Маці. “Касцёл, некаторыя члены якога, на жаль, прычынілі вам боль, сёння схіляе калені разам з вамі перад сваёй Маці”. Касцёл павінен вучыцца ў яе беражліва абараняць малых і слабых і слухаць іх боль, - зазначыў ён.

Святы Айцец заклікаў прыняць суцяшэнне ад Бога, каб быць здольнымі суцяшаць іншых, як вучыць апостал Павел (2 Кар 1:4). Невялікі падарунак, Ягня Божае, які атрымалі ўдзельнікі чування, нагадвае пра перамогу Хрыста над смерцю, дабра над злом і пра дзеянне Духа Святога, які ніколі не пакідае нас, суцяшае і ўмацоўвае нас сваёй ласкай.

Леў XIV нагадаў, што памерлыя ў Хрысце не страчаныя і не знікаюць у небыццё. Іх жыццё належыць Пану, які як Добры Пастыр трымае іх пры сабе і аднойчы верне нам для вечнай радасці.

Нарэшце, Папа звярнуў увагу на калектыўныя пакуты цэлых народаў, якія жывуць пад цяжарам вайны, голаду і гвалту. Ён заклікаў да малітвы і дзеянняў дзеля міру. “Няхай кіраўнікі нацый прыслухаюцца да крыкаў шматлікіх нявінных дзяцей, каб гарантаваць ім будучыню, якая будзе абараняць і суцяшаць іх”, - пажадаў Святы Айцец.

Леў XIV выказаў упэўненасць у тым, што нават у разгар нахабства і пыхі Бог не пакіне нас без людзей, здольных несці дапамогу і суцяшэнне. І ўсе разам мы шчыра заклічам: “Няхай прыйдзе Валадарства Тваё!”, - завяршыў сваю гамілію Папа.

Юбілей суцяшэння ў Ватыкане
15 верасня 2025, 20:43