Пошук

Папа Леў XIV Папа Леў XIV  (ANSA)

Папа: нават у цяжкія часы трэба захаваць надзею на лепшы свет

У вераснёўскім нумары часопіса “Piazza San Pietro” Пантыфік адказаў на ліст маладой чытачкі Веранікі. Дзяўчыне 21 год, яна – студэнтка медыцынскага факультэта. Яе трывожыць пытанне аб тым, што чакае нас у будучыні і ці магчыма спадзявацца на лепшы свет.

Марыя Валодзіна - Vatican News

“Я мару стаць доктарам і дапамагаць людзям вылечвацца ад хвароб”, - піша дзяўчына. Занепакоеная часам, поўным трывогі і разгубленасці ў сувязі з войнамі, разбурэннямі і гібеллю нявінных людзей, яна пытаецца, ці можна спадзявацца на лепшы час. “Мірнае жыццё здаецца амаль немагчымым. Якая будучыня чакае нас? Ці можна спадзявацца на лепшы свет? Што можам зрабіць мы, моладзь, каб ён надышоў?” - пытаецца Вераніка.

Святы Айцец дае просты і кранальны адказ: “Дарагая Вераніка, перш за ўсё, шчыра жадаю, каб ты здолела ажыццявіць сваю мару. Прафесія, да якой ты імкнешся, – адна з самых высакародных, асабліва калі яна становіцца служэннем слабым і безабаронным. З асаблівай увагай да тых, хто не мае матэрыяльных сродкаў або жыве ў цяжкіх умовах... Твае пытанні хвалююць сэрцы многіх тваіх аднагодкаў”.

Пантыфік прызнае, што мы жывем у цяжкія часы, і зло нібыта перапаўняе ўсё наша жыццё. “Войны забіраюць усё больш нявінных ахвяр. Але ўсё гэта не павінна прымушаць нас губляць надзею на лепшы свет”. Цытуючы святога Аўгустына, ён нагадвае, што, “калі мы жывем добра, то і часы будуць добрыя. Бо мы самі і ёсць часы”.

“Каб гэта адбылося, мы павінны ўскласці надзею на Пана Езуса. Гэта Ён абудзіў у тваім сэрцы жаданне зрабіць у жыцці нешта важнае. Гэта Ён дасць табе сілу паляпшаць сябе і грамадства вакол цябе, каб часы, у якія мы жывем, сапраўды сталі добрымі”, - піша Папа.

Напрыканцы ліста Леў XIV раіць маладой верніцы “ўмацоўваць сяброўства з Езусам”. “Гэта сапраўды варта таго. Можаш быць у гэтым упэўненая”, - заключае Святы Айцец, благаслаўляючы Вераніку і просячы паведамляць яму пра вучобу і духоўны шлях.

27 верасня 2025, 10:53