Пошук

Леў XIV: у клопаце за хворымі выяўляецца найлепшае ў чалавеку

Якасць жыцця залежыць ад любові, - заўважыў Леў XIV у відэапасланні з нагоды штогадовай дабрачыннай акцыі Walk for Life, якая праводзіцца ў Чыкага ў падтрымку людзей, што пакутуюць ад бакавога аміятрафічнага склерозу.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Пантыфік прывітаў удзельнікаў сустрэчы, выказаўшы радасць з прычыны ўдзелу ў ёй вялікай колькасці навукоўцаў. “Мой папярэднік Папа Ян Павел ІІ напісаў, што калі нельга забараніць мастаку карыстацца сваёй творчасцю, дык не трэба таксама замінаць тым, хто мае асаблівыя здольнасці дзеля развіцця навукі і тэхналогій, выкарыстоўваць свае таленты, дадзеныя Богам, на служэнне іншым”, - дадаў Святы Айцец.

Папа выказаў падзяку і падтрымку даследчыкам за намаганні, накіраваныя на вывучэнне хваробы і палягчэнне пакутаў людзей. Ён таксама падзякаваў медыкам, сацыяльным работнікам і сем’ям пацыентаў, параўнаўшы іх з анёламі.

Пантыфік адзначыў, што ў самаахвярным клопаце пра хворых выяўляюцца найлепшыя якасці чалавека. “Вы – добрыя самаране, пра якіх казаў Езус”, - сцвердзіў Святы Айцец.

Звяртаючыся да пацыентаў, Папа падкрэсліў, што яны займаюць асаблівае месца ў яго думках і малітвах. “Вы нясеце вельмі цяжкі цяжар. Я хацеў бы, каб усё было па-іншаму. Аднак вашы пакуты даюць вам магчымасць адкрыць і пацвердзіць глыбокую ісціну: якасць чалавечага жыцця не залежыць ад поспехаў. Якасць нашага жыцця залежыць ад любові. У сваіх пакутах вы можаце адчуць глыбіню чалавечай любові, раней вам невядомую. Можаце ўзрастаць ва ўдзячнасці за ўсё, што было, і за людзей, якія апякуюцца вамі. У вас ёсць магчымасць адкрыць глыбокае адчуванне прыгажосці стварэння, жыцця ў гэтым свеце і таямніцы любові”, - сказаў Святы Айцец.

Леў XIV выказаў духоўную падтрымку тым, хто згубіў блізкіх з прычыны хваробы, падкрэсліўшы, што іх смутак злучаецца з сілай любові, якая ачышчае і мацнейшая за смерць.
 

20 верасня 2025, 18:23