Пошук

Леў XIV падчас інтэрв'ю з Элізай Эн Ален Леў XIV падчас інтэрв'ю з Элізай Эн Ален   (CRUX)

Першае інтэрв'ю Льва XIV: шлях да пераадолення канфліктаў

У інтэрв'ю для кнігі "Леў XIV: грамадзянін свету, місіянер XXI стагоддзя" Папа падзяліўся думкамі пра ролю Святога Пасада ў міратворчых працэсах і заклікаў да дыялогу.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Выданні “Crux” і “El Comercio” апублікавалі ўрыўкі з інтэрв'ю, якое Леў XIV даў журналістцы Элізе Эн Ален для біяграфічнай кнігі "Леў XIV: грамадзянін свету, місіянер XXI стагоддзя", што выйдзе 18 верасня 2025 года. Гэта першае інтэрв'ю, якое ён даў у якасці Пантыфіка, і яно прымеркавана да яго 70-гадовага юбілею.

Маю вялікі давер да чалавечай прыроды

Адказваючы на пытанне пра вайну ва Украіне, Леў XIV падкрэсліў: "Пасля гэтых гадоў непатрэбных забойстваў людзей з абодвух бакоў – у гэтым канкрэтным канфлікце, але таксама і ў іншых канфліктах – я лічу, што людзей трэба неяк абудзіць, каб сказаць, што існуе іншы шлях вырашэння праблемы".

Пантыфік адзначыў, што "з пачатку вайны Святы Пасад прыкладаў вялікія намаганні для захавання сапраўды нейтральнай пазіцыі". На яго думку, сёння неабходна, каб "розныя ўдзельнікі ажыццявілі дастаткова моцны ціск, каб ваюючыя бакі сказалі 'хопіць'".

"Я маю вялікі давер да чалавечай прыроды", - дадаў Папа. Чалавецтва мае "патэнцыял", каб "пераадолець гвалт і нянавісць".

ААН страціла здольнасць збліжаць людзей

Пантыфік заклікаў да дыялогу, адзначаючы, што "Арганізацыя Аб'яднаных Нацый павінна быць месцам, дзе вырашаюцца многія з гэтых пытанняў", але "прынамсі ў гэты момант яна страцілі сваю здольнасць збіраць людзей для абмеркавання шматбаковых пытанняў".

Леў XIV падкрэсліў, што мы жывём у часы палярызацыі, страты такіх каштоўнасцей як чалавечае жыццё, сям'я, грамадства. Таксама назіраецца "ўсё большы разрыў паміж узроўнямі даходаў паміж рабочым класам і грашыма, якія атрымліваюць самыя багатыя".

У інтэрв'ю Святы Айцец таксама распавёў пра свае карані і сувязі як са Злучанымі Штатамі, дзе ён нарадзіўся, так і з Перу, дзе служыў палову свайго жыцця. "Вядома, я амерыканец і вельмі адчуваю сябе амерыканцам, але я таксама вельмі люблю Перу, перуанскі народ... Лацінаамерыканская перспектыва для мяне вельмі каштоўная".

Сінадальнасць – падыход, які можа шмат чаму навучыць сучасны свет

Шмат увагі Папа надаў канцэпцыі сінадальнасці, падкрэсліваючы, што "кожны вернік Касцёла мае голас і ролю, якую трэба выконваць праз малітву, разважанне... праз працэс". На думку Льва XIV, гэта падыход, які можа "шмат чаму навучыць сучасны свет".

"Гаворка не ідзе пра тое, каб спрабаваць ператварыць Касцёл у свайго роду дэмакратычны ўрад, бо калі мы паглядзім на многія краіны сучаснага свету, дэмакратыя не абавязкова з'яўляецца дасканалым рашэннем для ўсяго. Хутчэй гаворка ідзе пра павагу і разуменне жыцця Касцёла такім, якім яно ёсць, і сказаць: мы павінны рабіць гэта разам".

Пантыфік таксама прызнаўся, што на Чэмпіянаце свету па футболе 2026 года ён будзе "верагодна, балець за Перу, толькі з прычыны эмацыянальных сувязей", але таксама з'яўляецца "вялікім прыхільнікам Італіі". "Як Папа, - дадаў ён, - я балею за ўсе каманды".
 

14 верасня 2025, 14:39