Пошук

Манахіні Ордэна кармэлітак босых, пакараныя смерцю ў Парыжы 17 ліпеня 1794 года Манахіні Ордэна кармэлітак босых, пакараныя смерцю ў Парыжы 17 ліпеня 1794 года 

Пантыфік ушанаваў памяць мучаніц Французскай рэвалюцыі

13 верасня 2025 года ў Парыжы адбылася ўрачыстая Імша падзякі за кананізацыю шаснаццаці кармэлітак, забітых падчас Французскай рэвалюцыі. Леў XIV накіраваў арцыбіскупу Ларану Ульрышу тэлеграму, у якой назваў законніц не ахвярамі, а “аўтарамі любові і міласэрнасці”.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Манахіні з Ордэна кармэлітак босых з Камп’ена былі забітыя з нянавісці да веры 17 ліпеня 1794 года падчас Французскай рэвалюцыі. У 1906 годзе яны былі беатыфікаваныя, а 18 снежня 2024 года іх кананізаваў Папа Францішак.

Тэлеграму за подпісам Дзяржаўнага сакратара, кардынала П’етра Параліна, зачытаў напачатку набажэнства ў Саборы Парыжскай Божай Маці апостальскі нунцый у Францыі, арцыбіскуп Чэлесціна Мільёрэ. У ёй падкрэсліваецца, што мучаніцтва манахінь уразіла і выклікала захапленне нават у турэмшчыкаў.

Пантыфік адзначыў, што рэха гэтай ахвяры ніколі не сціхала, пакінуўшы глыбокі след у літаратуры, мастацтве і памяці вернікаў. На працягу двух стагоддзяў мастакі і пісьменнікі распавядалі пра пакутніцтва, падчас якога “натоўп здзіўлена маўчаў”. Законніцы добраахвотна ўзышлі на эшафот, аддаючы сваё жыццё Богу дзеля супакою ў Касцёле і дзяржаве. Ля падножжа гільяціны настаяцельніца даравала катам, сказаўшы кранальныя словы: "Я ўсім сэрцам дарую вам, як спадзяюся, што Бог даруе і мне".

Папа адзначыў, што сведчанне кармэлітак вучыць нас “сіле і плённасці ўнутранага жыцця”. Напрыканцы паслання ён благаславіў усіх вернікаў, якія сабраліся ў Нотр-Даме, і тых, хто духоўна далучыўся да гэтай падзеі.

15 верасня 2025, 10:44