Біскупы падчас сустрэчы з Папам Біскупы падчас сустрэчы з Папам  (@Vatican Media)

Леў XIV абмеркаваў выклікі служэння з новапрызначанымі біскупамі

Падчас сустрэчы ў Сінадальнай зале 11 верасня 2025 года Святы Айцец абмеркаваў з нядаўна прызначанымі біскупамі з усяго свету выклікі пастырскага служэння і падкрэсліў важнасць сінадальнасці ў Касцёле.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Пасля афіцыйнага выступлення Леў XIV працягнуў сустрэчу больш нефармальнай гутаркай, закранаючы актуальныя выклікі і пытанні, з якімі сутыкаюцца біскупы на пачатку свайго служэння.

Не дастаткова гатовых адказаў, засвоеных 25 гадоў таму ў семінарыі

Святы Айцец закрануў тэму страхаў, пачуцця няўпэўненасці і розных чаканняў, якія маглі мець біскупы да свайго прызначэння. Ён падкрэсліў неабходнасць заставацца блізка да Бога, захоўваць час на малітву і працягваць жыць з бязмежным даверам да Духа Святога.

"Не дастаткова гатовых адказаў, засвоеных 25 гадоў таму ў семінарыі", - адзначыў Папа, заахвочваючы біскупаў аднаўляць кантакт са светам, каб адказваць на пытанні, якія хвалююць людзей у сучасным свеце.

Леў XIV заклікаў іерархаў быць настойлівымі вучнямі, не баяцца цяжкасцей, заставацца блізкімі да вернікаў і святароў, міласэрнымі і настойлівымі, здольнымі слухаць і весці дыялог, а не толькі прамаўляць казанні.

Сінадальнасць – гэта стыль Касцёла, а не проста душпастырскі метад

Кажучы пра сінадальнасць, Пантыфік падкрэсліў, што гэта не проста душпастырскі метад, але "стыль Касцёла, слухання і супольнага пошуку місіі, да якой мы пакліканы". Ён заахвоціў біскупаў: "Будзьце будаўнікамі мастоў".

Папа таксама заклікаў цаніць ролю і інтэграцыю свецкіх вернікаў у жыццё Касцёла і служыць міру, які ён назваў "раззброеным і раззбройваючым", бо "мір – гэта выклік для ўсіх!"

Пошук праўды часам бывае балючым, але неабходным

Адказваючы на пытанні біскупаў, Святы Айцец абмеркаваў важнасць асцярожнасці ў выкарыстанні сацыяльных сетак, дзе "кожны лічыць сябе ўпаўнаважаным казаць што заўгодна, нават няпраўду". Ён рэкамендаваў звяртацца па дапамогу да прафесіяналаў у галіне камунікацыі, падсумоўваючы сваю параду словамі: "Спакой, разважлівасць і дапамога прафесіянала".

Кажучы пра семінарыі, Папа падкрэсліў адказнасць за якасную фармацыю будучых святароў. Ён заклікаў не толькі прымаць кандыдатаў у духоўныя навучальныя ўстановы, але і суправаджаць іх у глыбокім спазнанні Евангелля і разуменні місіянерскай прыроды хрысціянскага жыцця.

Адказваючы на пытанні пра экалагічныя праблемы, Леў XIV нагадаў пра дзясятую гадавіну энцыклікі "Laudato Si" і заахвоціў уключаць гэтую тэму ў душпастырства, дадаючы, што "Касцёл будзе прысутнічаць" на гэтым важным напрамку.

Напрыканцы сустрэчы Папа благаславіў прысутных біскупаў і асабіста развітаўся з кожным у фае Залы Паўла VI.
 

12 верасня 2025, 09:53