Святы Айцец: пачуццё веры Божага народа вядзе Касцёл

Няхай Юбілей дапаможа нам стаць евангельскімі малымі, каб адчувалі Божыя мары і служылі ім, - пажадаў Папа падчас чарговай Юбілейнай аўдыенцыі, якая прайшла 27 верасня 2025 года ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Юбілей робіць нас пілігрымамі надзеі, бо мы адчуваем вялікую патрэбу ў абнаўленні, якое датычыць нас і ўсёй зямлі”, - пачаў сваю катэхезу Пантыфік, заўважыўшы, што дзеяслоў “адчуваць” апісвае рух духу, сэрца і розуму, які Езус заўважаў перш за ўсё ў малых, гэта значыць у простых людзях.

“Часта, сапраўды, вучоныя людзі мала адчуваюць, бо мяркуюць, што ўжо ўсё ведаюць. А прыгожа, калі, наадварот, у сэрцы і розуме застаецца прастора, каб Бог мог адкрыцца. Колькі надзеі, калі ў народзе Божым нараджаюцца новыя інтуіцыі!”, - дадаў ён.

Пантыфік заўважыў, што простыя людзі маюць sensus fidei – пачуццё веры, якое з’яўляецца нібы “шостым пачуццём” адносна Божых справаў. “Бог просты і адкрываецца простым. Таму існуе беспамылковасць Божага народу ў веры, выражэннем і служэннем якой з’яўляецца беспамылковасць навучання Папы”, - падкрэсліў Святы Айцец.

“Хачу нагадаць адзін момант з гісторыі Касцёла, які паказвае, як надзея можа прыйсці са здольнасці народу адчуваць. У IV стагоддзі ў Мілане Касцёл быў разадраны сур’ёзнымі канфліктамі, і выбары новага біскупа ператварыліся ў сапраўдныя беспарадкі. Умяшалася свецкая ўлада – губернатар Амброзій, які дзякуючы сваёй здольнасці слухаць і пасрэднічаць прынёс спакой. Паводле расповеду, тады ўзняўся дзіцячы голас, які закрычаў: “Амброзія – біскупам!” І ўвесь народ таксама пачаў усклікаць: “Амброзія – біскупам!”, - нагадаў Пантыфік.

Святы Айцец заўважыў, што Амброзій нават не быў ахрышчаны – ён быў толькі катэхуменам, гэта значыць рыхтаваўся да хросту. “Народ жа адчуў нешта глыбокае ў гэтым чалавеку і выбраў яго. Так Касцёл атрымаў аднаго са сваіх найвялікшых біскупаў і Доктараў Касцёла”, - падкрэсліў Папа.

Леў XIV адзначыў, што спачатку Амброзій не хацеў гэтага прызначэння і нават уцёк, але потым зразумеў, што гэта Божае пакліканне, і дазволіў сябе ахрысціць і пасвяціць у біскупы – ён “стаў хрысціянінам, стаўшы біскупам”.

“Бачыце, які вялікі дар малыя зрабілі Касцёлу? І сёння трэба прасіць аб гэтай ласцы: станавіцца хрысціянамі, жывучы пакліканнем, якое атрымалі! Ты – маці, ты – бацька? – Станавіся хрысціянам як маці ці бацька. Ты – прадпрымальнік, рабочы, настаўнік, святар, законніца? Станавіся хрысціянінам на тваім шляху. Народ мае гэты “нюх”: разумее, ці становімся мы хрысціянамі, ці не. І можа нас паправіць, паказаць нам кірунак Езуса”, - падкрэсліў Пантыфік.

Папа заўважыў, што з цягам гадоў святы Амброзій многім адплаціў свайму народу. “Напрыклад, ён прыдумаў новыя спосабы спявання псальмаў і гімнаў, цэлебрацыі і прапаведавання. Ён сам умеў адчуваць, і так надзея памножылася. Аўгусцін навярнуўся дзякуючы яго пропаведзям і быў ахрышчаны ім. Адчуваць – гэта адзін са спосабаў спадзявацца, давайце не будзем забываць гэтага!”, - сказаў Святы Айцец.

Па словах Льва XIV, таксама і такім чынам Бог вядзе свой Касцёл наперад, паказваючы яму новыя шляхі. “Адчуваць – гэта нюх малых на Валадарства, якое надыходзіць. Няхай Юбілей дапаможа нам стаць малымі паводле Евангелля, каб адчуваць Божыя мары і служыць ім!”, - завяршыў катэхезу Пантыфік.
 

27 верасня 2025, 09:53

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >