Пошук

Папа Леў XIV і мэр Бэтлеема Махер Канаваці Папа Леў XIV і мэр Бэтлеема Махер Канаваці  (@Vatican Media)

Святы Айцец паразмаўляў з мэрам Бэтлеема

Папа Леў XIV сустрэўся з новым мэрам Бэтлеема Махерам Канаваці. Іх кароткая размова адбылася на палях агульнай аўдыенцыі, што праходзіла 24 верасня 2025 года на Плошчы Святога Пятра ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Першы ліст, які я напісаў, калі стаў мэрам Бэтлеема, быў адрасаваны менавіта Пантыфіку, бо мы перакананыя, што адсюль можна зрабіць шмат для падтрымкі нашага народа”, - адзначыў гарадскі галава ў каментары для Лінды Бардоні з Vatican News.

Канаваці падкрэсліў, што “найважнейшае – гэта даць людзям надзею”. Ён заўважыў, што эміграцыя працягвае рабіць бязлюднымі Бэтлеем і іншыя палесцінскія гарады, пазбаўляючы Святую Зямлю прысутнасці хрысціян. “Людзі пакідаюць Бэтлеем, пакідаюць Палесціну з-за таго, што адбываецца”, - сказаў гарадскі галава.

Мэр, прызначаны ў маі, паведаміў, што Леў XIV прыняў яго просьбу аб сустрэчы. “Я меў гонар растлумачыць Папу, наколькі важна ўмяшацца ў тое, што адбываецца ў Палесціне, Газе, Бэтлееме, і захаваць “жывыя камяні” Святой Зямлі, бо Святая Зямля без “жывых камянёў” – гэта ўсяго толькі музей”, - сказаў ён.

Канаваці прывёў лічбы, якія сведчаць пра ўзровень міграцыі: цяпер у Святой Зямлі пражывае каля 168 тысяч хрысціян, у той час як ва ўсім свеце налічваецца больш за 4 мільёны палесцінскіх хрысціян.

Кіраўнік гарадской адміністрацыі прызнаўся, што заўсёды моліцца перад тым, як распавядаць пра Бэтлеем. “Першае, што я сказаў Папу: умяшацца, каб спыніць вайну, спыніць тое, што адбываецца з нашым народам у Газе. І я думаю, што гэта была самая важная тэма нашай размовы. Ён пагадзіўся са мной”, - дадаў граданачальнік.

Паводле закона, мэрам Бэтлеема павінен быць хрысціянін. Канаваці адзначыў, што палесцінскія лідары падтрымалі гэтае палажэнне, бо “хочуць захаваць хрысціянскую супольнасць – найстарэйшую ў свеце, якая жыве ў Бэтлееме, Святой Зямлі, Палесціне”. Тым не менш, многія працягваюць з’язджаць.

“Кожны раз, калі хтосьці пакідае Бэтлеем, у мяне разрываецца сэрца”, - сказаў ён, заўважыўшы, што за апошні год больш за тысячу хрысціян атрымалі дазвол на эміграцыю ў Канаду, ЗША і іншыя краіны.

Канаваці паведаміў, што ад пачатку вайны 7 кастрычніка 2023 года эканоміка горада знаходзіцца ў глыбокім крызісе: зачынены ўсе гатэлі, сувенірныя крамы і майстэрні. Беспрацоўе вырасла з 14 да 65 працэнтаў, бо каля 120 тысяч жыхароў Бэтлеема працавалі за межамі горада, а цяпер сустракаюцца з адмовамі ў доступе да працы на ізраільскіх тэрыторыях. Іншыя цяжкасці звязаны з дэфіцытам вады і абмежаваннямі свабоды перамяшчэння.

Перад абліччам гэтых выклікаў мэр адзначыў важнасць падтрымкі палесцінскага насельніцтва з боку міжнароднай супольнасці і Касцёла. “Я лічу, што людзям дае найбольш надзеі веданне таго, што хтосьці клапоціцца пра нас, што пра нас не забыліся”, - падкрэсліў Махер Канаваці.
 

25 верасня 2025, 09:06