Яўрэйскія святы: тэлеграма Пантыфіка рабіну Рыма
Леў XIV накіраваў віншавальную тэлеграму галоўнаму рабіну Рыма Рыкарда дзі Сэньі з нагоды яўрэйскіх свят.
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
"З нагоды набліжэння свят Рош Ха-Шана 5786, Ём-Кіпур і Сукот, жадаю выказаць мае найсардэчнейшыя пажаданні Вам і ўсёй яўрэйскай супольнасці Рыма," - гаворыцца ў пасланні Святога Айца. Ён з удзячнасцю згадвае прысутнасць галоўнага рабіна на інаўгурацыі свайго пантыфікату 18 мая 2025 года.
"Спрадвечны, у сваёй бязмежнай дабрыні, няхай будзе блізкі да вашай супольнасці і суправаджае ўсе нашы намаганні па паглыбленні ўзаемнага сяброўства, у горадзе Рыме і ва ўсім свеце," - піша Папа.
Святы Айцец завяршае сваю тэлеграму пажаданнем міру: "Бог у сваёй бясконцай міласэрнасці няхай падорыць нам мір і нястомнае жаданне заўсёды яму спрыяць. Шалом алехем!"
22 верасня 2025, 12:13
